1
Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома,
які выйшаў на досвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
2
І, згадзіўшы работнікаў па дынарыі ў дзень,
паслаў іх у вінаграднік свой.
3
І выйшаўшы каля трэцяй гадзіны,
ён убачыў іншых,
якія стаялі на рынку без працы,
4
і ім сказаў: ідзіце і вы ў вінаграднік мой,
і што справядліва будзе, дам вам.
Яны пайшлі.
5
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны,
зрабіў тое самае.
6
А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны,
ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы,
і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень без працы?
7
Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас.
Ён кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік мой,
і што справядліва будзе, атрымаеце.
8
А калі звечарэла,
кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму:
пакліч работнікаў і аддай ім плату,
пачаўшы з апошніх да першых.
9
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны,
атрымалі па дынарыі.
10
Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць;
але атрымалі і яны па дынарыі.
11
І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома
12
і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі,
і ты зраўняў іх з намі,
а мы ж перанеслі цягату дня і спёку.
13
А ён у адказ сказаў аднаму з іх:
дружа! я не крыўджу цябе;
ці ж не за дынарый ты дамовіўся са мною?
14
вазьмі сваё ды ідзі;
я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;
15
хіба я не маю ўлады рабіць што хачу ў сваім?
ці вока тваё зайздрослівае ад таго, што я добры?
16
Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі;
бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
17
І, узыходзячы ў Іерусалім,
Іісус адвёў дванаццаць вучняў асобна
і дарогаю сказаў ім:
18
вось, мы ўзыходзім у Іерусалім,
і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасвятарам і кніжнікам,
і засудзяць Яго на смерць;
19
і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаванне
і біццё
і ўкрыжаванне;
і на трэці дзень уваскрэсне.
20
Тады прыступіла да Яго
маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі,
кланяючыся і чагосьці просячы ўЯго.
21
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш?
Яна кажа Яму: скажы,
каб селі гэтыя два сыны мае
адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе
ў Царстве Тваім.
22
Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго просіце;
ці можаце піць чашу, якую Я буду піць,
альбо хрышчэннем, якім Я хрышчуся хрысціцца?
Яны кажуць Яму: можам.
23
І кажа ім: чашу Маю будзеце піць,
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
але даць сесці ў Мяне праваруч і леваруч
не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.
24
Пачуўшы гэта, дзесяцера вучняў
абурыліся на двух братоў.
25
Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў:
вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі,
і вяльможы ўладараць над імі.
26
Але не так няхай будзе паміж вамі;
а хто хоча між вамі большым быць, няхай будзе вам слугою;
27
і хто хоча між вамі быць першым, няхай будзе вам рабом;
28
бо Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі,
а каб паслужыць
і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.
29
І калі выходзілі яны з Іерыхона,
за Ім следам ішло мноства людзей.
30
І вось, двое сляпых, што сядзелі пры дарозе,
пачуўшы, што Іісус ідзе міма, пачалі крычаць:
памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
31
А людзі змушалі іх маўчаць;
але яны яшчэ галасней закрычалі:
памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!
32
Іісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў:
што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?
33
Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.
34
Іісус жа, злітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іх;
і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.