1
І калі наблізіліся да Іерусаліма
і прыйшлі ў Віфагію да гары Елеонскай,
тады Іісус паслаў двух вучняў,
2
сказаўшы ім: ідзіце ў селішча, што проста перад вамі;
і адразу знойдзеце асліцу прывязаную і асляня з ёю;
адвязаўшы, прывядзіце да Мяне.
3
І калі вам хто скажа што-небудзь,
адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду;
і адразу пашле іх.
4
Усё ж гэта было,
каб збылося сказанае праз прарока,
які гаворыць:
5
"скажыце дачцэ Сіёнавай:
вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны,
седзячы на асліцы
і асляне, сыне пад'ярэмнай".
6
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус,
7
прывялі асліцу і асляня
і паклалі на іх вопратку сваю,
і Ён сеў паверх яе.
8
Мноства людзей пасцілалі вопратку сваю на дарозе,
а іншыя рэзалі галіны з дрэў і пасцілалі на дарозе;
9
а люд, які ішоў спераду і следам,
усклікаў: асанна Сыну Давідаваму!
Благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя Гасподняе!
Асанна ў вышніх!
10
І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім,
увесь горад прыйшоў у рух
і казалі: хто гэта?
11
А люд казаў: Гэта Іісус,
Прарок з Назарэта Галілейскага.
12
І ўвайшоў Іісус у храм Божы
і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме,
і сталы мянялаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
13
і сказаў ім: напісана: "дом Мой домам малітвы назавецца";
а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
14
І прыступілі да Яго ў храме сляпыя і кульгавыя,
і Ён ацаліў іх.
15
А першасвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў,
і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме
і казалі: "асанна Сыну Давідаваму",
абураліся
16
і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць?
А Іісус кажа ім: так!
хіба вы ніколі не чыталі:
"з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?"
17
І пакінуўшы іх,
выйшаў з горада ў Віфанію
і правёў там ноч.
18
А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есці.
19
І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе
і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісця,
кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе плоду вавек.
І адразу ўсохла смакоўніца.
20
Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся
і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
21
А Іісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам:
калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся,
не толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай,
але, калі і гары гэтай скажаце: "падыміся і ўвергніся ў мора", —
будзе;
22
і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве з вераю, атрымаеце.
23
І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў,
прыступілі да Яго першасвятары і старэйшыны народу
і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш?
і хто Табе даў такую ўладу?
24
Іісус сказаў ім у адказ: спытаю і Я ў вас адну рэч;
калі пра тое скажаце Мне,
і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
25
Хрышчэнне Іаанава адкуль было:
з нябёсаў, ці ад людзей?
Яны ж разважалі паміж сабою:
калі скажам: "з неба",
дык Ён скажа нам: "чаму ж вы не паверылі яму?"
26
а калі скажам: "ад людзей", —
баімся народу,
бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
27
І сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем.
Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
28
А як вам здаецца?
У аднаго чалавека было два сыны;
і ён, падышоўшы да першага, сказаў:
сыне! ідзі, сёння працуй у вінаградніку маім.
29
Але ён сказаў у адказ: "не хачу";
а пасля, раскаяўшыся, пайшоў.
30
І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае.
Гэты сказаў у адказ: "іду, гаспадар".
І не пайшоў.
31
Каторы з двух выканаў бацькаву волю?
Кажуць Яму: першы.
Кажа ім Іісус: праўду кажу вам,
што мытнікі і распусніцы
паперад вамі ідуць у Царства Божае.
32
Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці,
і вы не паверылі яму,
а мытнікі і распусніца паверылі яму;
вы ж, і бачыўшы гэта,
не раскаяліся пасля, каб паверыць яму.
33
Выслухайце іншую прытчу.
Быў адзін гаспадар дома, які
пасадзіў вінаграднік:
і абнёс агароджаю яго,
і выкапаў у ім выціскальню
і збудаваў вежу,
і аддаў яго вінаградарам,
і адлучыўся.
34
А калі надышоў час пладоў,
ён паслаў сваіх рабоў да вінаградараў
узяць плады свае.
35
Вінаградары, схапіўшы рабоў яго,
каго набілі,
каго забілі,
а каго каменнем пабілі.
36
Зноў паслаў ён іншых рабоў,
больш чым раней;
і з імі зрабілі тое самае.
37
Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго,
кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38
Але вінаградары, убачыўшы сына,
сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец;
хадзем, заб'ем яго і завалодаем спадчынай яго:
39
І схапіўшы яго, вывелі вонкі з вінаградніка і забілі.
40
І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка,
што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41
Кажуць Яму: ліхадзеяў гэтых аддасць на лютую смерць,
а вінаграднік аддасць іншым вінаградарам,
якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42
Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні:
"Камень, які адкінулі будаўнікі,
той самы зрабіўся галавою вугла:
гэта — ад Госпада, і ёсць дзіўна ў вачах нашых"?
43
Таму кажу вам,
што адымецца ад вас Царства Божае,
і дадзена будзе народу, які прыносіць плады яго.
44
І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца;
а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
45
І чуючы прытчы Яго,
першасвятары і фарысеі зразумелі,
што Ён пра іх гаворыць;
46
і намерваліся схапіць Яго;
але пабаяліся люду,
бо Яго ўважалі за прарока.