1
І ў адказ Іісус зноў прамовіў да іх у прытчах,
кажучы:
2
падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара,
які справіў вяселле сыну свайму
3
і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вяселле;
і не хацелі прыйсці.
4
Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы:
скажыце запрошаным: "вось я прыгатаваў абед мой,
цяляты мае і што ўкормлена, заколата,
і ўсё гатова;
прыходзьце на вяселле".
5
Але яны, не даўшы ўвагі,
пайшлі, хто на поле сваё,
а хто да гандлю свайго.
6
Астатнія ж,
схапіўшы рабоў ягоных,
зняважылі і забілі іх.
7
І пачуўшы, цар той угневаўся,
і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых
і горад іхні спаліў.
8
Тады кажа ён рабам сваім:
вяселле гатова,
а запрошаныя не былі вартыя.
9
Дык вось, ідзіце на ростані
і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вяселле.
10
І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі,
сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі,
і ліхіх і добрых;
і напоўнілася вяселле бяседнікамі.
11
Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў,
убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,
12
і кажа яму:
дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях?
А той маўчаў.
13
Тады сказаў цар слугам:
звязаўшы яму рукі і ногі,
вазьміце яго і выкіньце ў цемру вонкавую:
там будзе плач і скрыгат зубоў;
14
бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
15
Тады фарысеі пайшлі і дамаўляліся,
як злавіць Яго на слове.
16
І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі,
кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы,
і шляху Божаму праўдзіва вучыш,
і не стараешся дагадзіць каму-небудзь,
бо не глядзіш на абліччы;
17
дык вось скажы нам: як Табе здаецца?
ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18
Але Іісус, убачыўшы зламыснасць іхнюю, сказаў:
што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?
19
пакажыце Мне манету, якою плаціцца падатак.
Яны прынеслі Яму дынарый.
20
І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?
21
І кажуць Яму: кесаравы.
Тады кажа ім:
дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
22
Пачуўшы гэта, яны здзівіліся
і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23
У той дзень падышлі да Яго садукеі,
якія кажуць, што няма ўваскрасення,
і спыталіся ў Яго:
24
Настаўнік! Маісей сказаў:
"калі хто памрэ, не маючы дзяцей,
няхай возьме брат яго жонку яго
і адродзіць семя брату свайму".
25
Было ў нас сем братоў:
першы, ажаніўшыся, памёр
і, не маючы семені, пакінуў жонку сваю брату свайму;
26
гэтак сама і другі, і трэці,
нават да сёмага;
27
а пасля ўсіх памерла і жонка.
28
Дык вось, ва ўваскрэсенні, катораму з сямі будзе яна за жонку,
бо ўсе мелі яе.
29
Іісус сказаў ім у адказ: памыляецеся,
не ведаючы Пісанняў, ні сілы Божай;
30
бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца, ні выходзяць замуж,
а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.
31
А пра ўваскрэсенне мёртвых
ці не чыталі вы сказанага вам Богам:
32
"Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іакава"?
Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.
33
І пачуўшы, люд здзіўляўся з вучэння Яго.
34
А фарысеі,
пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчанне,
сабраліся разам.
35
І спытаўся адзін з іх, законнік,
спакушаючы Яго і кажучы:
36
Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?
37
Іісус жа сказаў яму: "узлюбі Госпада Бога твайго
ўсім сэрцам тваім,
і ўсёю душою тваёю,
і ўсім разуменнем тваім".
38
гэта найбольшая і першая запаведзь;
39
а другая падобная да яе:
"узлюбі блізкага твайго, як самога сябе";
40
на гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41
Калі ж сабраліся фарысеі,
спытаўся ў іх Іісус:
42
што вы думаеце пра Хрыста?
чый Ён сын?
Кажуць Яму: Давідаў.
43
Кажа ім:
як жа Давід, з натхнення, Госпадам Яго называе,
калі кажа:
44
"Сказаў Гасподзь Госпаду майму:
сядзі праваруч Мяне,
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх"?
45
Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам,
як жа Ён сын яму?
46
І ніхто не мог адказаць Яму ні слова;
і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.