1
Тады Іісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,
2
кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі;
3
дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце;
а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце,
бо яны гавораць, і неробяць:
4
звязваюць цяжары важкія і непасільныя
і ўскладаюць на плечы людзям,
а самі не хочуць і пальцам зрушыць іх;
5
а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі;
пашыраюць філактэрыі свае
ды павялічваюць кутасы на адзенні сваім;
6
а таксама любяць узляжаць наперадзе на гасцінах,
і наперадзе сядзець у сінагогах,
7
і вітанні на плошчах,
і каб людзі клікалі іх: "Вучыцель!*вучыцель!"
8
А вы не называйцеся вучыцелямі,
бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос,
а ўсе вы — браты;
9
і айцом сабе не называйце нікога на зямлі,
бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;
10
і не называйцеся настаўнікамі,
бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.
11
Большы з вас няхай будзе вам слуга:
12
бо хто ўзвышае сябе, той прыніжаны будзе;
а хто прыніжае сябе, той узвысіцца.
13
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі;
бо самі не ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
14
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што паядаеце дамы ўдоў і напаказ доўга моліцеся:
за тое прымеце тым большае асуджэнне.
15
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што праходзіце мора і сушу,
каб прыдбаць хоць аднаго нававерца;
і калі гэта здараецца,
робіце яго сынам геены,
двойчы горшым за вас.
16
Гора вам, павадыры сляпыя, што кажаце:
"калі хто прысягне храмам, дык нічога;
а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты".
17
Неразумныя і сляпыя!
што большае:
золата, ці храм, які асвячае золата?
18
І: "калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога;
а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты".
19
Неразумныя і сляпыя!
што большае:
дар, ці ахвярнік, які асвячае дар?
20
Дык вось, хто прысягне ахвярнікам,
прысягае ім і ўсім, што на ім;
21
і той, хто прысягае храмам,
прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;
22
і той, хто прысягае небам,
прысягае прастолам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену,
і адкінулі важнейшае ў законе:
суд, міласць і веру;
гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
24
Павадыры сляпыя,
што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што ачышчаеце знешнасць чашы і місы,
а усярэдзіне яны поўныя драпежнасці і няпраўды.
26
Фарысей сляпы!
ачысці спярша сярэдзіну чашы і місы,
каб чыстая была і знешнасць іх.
27
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што прыпадабняецеся да павапленых магіл,
якія звонку здаюцца прыгожымі,
а ўсярэдзіне поўныя касцей мёртвых і ўсякага бруду;
28
так і вы знешне здаяцеся людзям праведнымі,
а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што будуеце грабніцы прарокам
і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30
і кажаце: "калі б мы былі ў дні бацькоў нашых,
дык не былі б саўдзельнікамі іх у праліванні крыві прарокаў";
31
тым самым вы самі сведчыце супроць сябе,
што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;
32
дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.
33
Змеі, адроддзе яхідніна!
як унікнеце вы асуджэння ў геену?
34
Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў;
і некаторых з іх вы заб'яце і ўкрыжуеце,
а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых
і гнаць з горада ў горад;
35
каб спала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі,
ад крыві Авеля праведнага
да крыві Захарыі, сына Варахіевага,
якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.
36
Праўду кажу вам:
усё гэта спадзе на род гэты.
37
Іерусаліме, Іерусаліме,
ты забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе!
колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх,
як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы,
і вы не захацелі!
38
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
39
Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне ад сёння,
пакуль не ўсклікнеце: "благаславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!"