1
І выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма.
І прыступілі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі храма.
2
Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта?
Праўду кажу вам:
не застанецца тут каменя на камені;
усё будзе разбурана.
3
Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай,
дык прыступілі да Яго вучні асобна,
кажучы: скажы нам, калі гэта будзе?
і якое знаменне Твайго прышэсця і сканчэння веку?
4
І ў адказ Іісус сказаў ім:
глядзіце, каб хто вас не ўвёў у зман;
5
бо многія прыйдуць пад імем Маім
і будуць казаць: "я Хрыстос", —
і многіх ўвядуць у зман.
6
Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі.
Глядзіце, не жахайцеся;
бо павінна ўсё тое быць.
Але гэта яшчэ не канец:
7
бо паўстане народ на народ і царства на царства;
і будзе голад і мор, і землятрусы месцамі;
8
а ўсё гэта — пачатак пакут.
9
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас;
і вы будзеце зненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
10
І тады спакусяцца многія;
і адзін аднаго будуць выдаваць,
і ўзненавідзяць адзін аднаго;
11
і многія ілжэпрарокі паўстануць
і ўвядуць у зман многіх;
12
і з-за памнажэння беззаконнасці ахалоне любоў у многіх;
13
а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
14
І абвешчана будзе гэтае Дабравесце Царства
па ўсім свеце,
на сведчанне ўсім народам;
і тады прыйдзе канец.
15
Дык вось, калі ўбачыце мярзоту спусташэння,
пра якую сказана прарокам Даніілам,
якая паўстане на святым месцы, —
хто чытае, няхай разумее, —
16
тады хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
17
і хто на даху,
той няхай не сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
18
і хто ў полі,
той няхай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
19
Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні!
20
Маліцеся, каб не здарыліся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
21
бо тады будзе вялікае ліха,
якога не было ад пачатку свету да сёння,
і не будзе.
22
І калі б не скараціліся тыя дні,
дык не ўратавалася б ніякая плоць;
але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
23
Тады калі хто скажа вам:
"вось, тут Хрыстос", альбо "там", —
не верце;
24
бо паўстануць ілжэхрысты ды лжэпрарокі
і дадуць знаменні вялікія і цуды,
каб увесці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
25
Вось, Я наперад сказаў вам.
26
Значыцца, калі скажуць вам:
"вось Ён у пустыні", — не выходзьце;
"вось, Ён у патайных пакоях", — не верце;
27
бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду,
такім будзе прышэсце Сына Чалавечага;
28
бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
29
І раптам, пасля смутку дзён тых, сонца памеркне,
і месяц не дасць святла свайго,
і зоркі спадуць з неба,
і сілы нябесныя зрушацца;
30
і тады явіцца азнака Сына Чалавечага на небе;
і тады заплачуць усе плямёны зямныя
і ўбачаць Сына Чалавечага,
Які будзе ісці на аблоках нябесных
з сілаю і славаю вялікай;
31
і пашле Ангелаў Сваіх з трубою громагучнаю,
і збяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў,
ад краю нябёсаў да краю іх.
32
Ад смакоўніцы вазьміце падабенства:
калі голле яе ўжо мякчэе і пускае лісце,
вы ведаеце, што блізка лета;
33
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта,
ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34
Праўду кажу вам:
не міне род гэты,
як усё гэта будзе;
35
неба і зямля мінуць,
а словы Мае не мінуць;
36
а пра дзень той і гадзіну ніхто не ведае,
ні Ангелы нябесныя,
а толькі Айцец Мой адзін;
37
але як было ў дні Ноя,
так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:
38
бо як у дні перад патопам
елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж
да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
39
і не разумелі,
пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, —
так будзе і прышэсце Сына Чалавечага;
40
тады будуць двое на полі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
41
дзве будуць малоць у жорнах:
адна будзе ўзята, а другая пакінута.
42
Дык чувайце ж,
бо не ведаеце, ў якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе...
43
Але гэта вы знаеце,
што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей,
дык не спаў бы
і не даў бы падкапаць дома свайго.
44
Таму і вы будзьце гатовыя,
бо у час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45
Хто ж верны і разумны раб,
якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі,
каб даваў ім ежу ў свой час?
46
Блажэнны той раб, якога гаспадар яго,
прыйшоўшы, застане, што робіць так;
47
праўду кажу вам,
што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
48
А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім:
"не хутка прыйдзе гаспадар мой",
49
і пачне біць таварышаў сваіх,
і есці і піць з п'яніцамі, —
50
прыйдзе гаспадар раба таго
ў дзень, у які ён не чакае,
і ў гадзіну, у якую не ведае,
51
і рассячэ яго напалам,
і вызначыць яму адзін лёс з крывадушнікамі:
там будзе плач і скрыгат зубоў.