1
І сталася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя,
дык сказаў вучням Сваім:
2
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе,
і Сын Чалавечы выдадзены будзе на ўкрыжаванне.
3
Тады сабраліся першасвятары і кніжнікі і старэйшыны народу
ў двор першасвятара, якога звалі Каіафа,
4
і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць;
5
але казалі: толькі не ў свята,
каб не сталася абурэння ў народзе.
6
Калі ж Іісус быў у Віфаніі,
у доме Сімана пракажонага,
7
прыступіла да Яго жанчына
з алебастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага
і ліла Яму на галаву, калі Ён узляжаў за сталом.
8
Убачыўшы, вучні Яго абурыліся
і казалі: навошта такая трата?
9
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы
і даць убогім.
10
Але Іісус, зразумеўшы гэта,
сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну?
Яна добры ўчынак зрабіла для Мяне;
11
бо заўсёды убогіх вы маеце з сабою,
а Мяне не заўсёды маеце;
12
бо ўзліўшы гэтае міра на Цела Маё,
яна падрыхтавала Мяне да пахавання;
13
праўду кажу вам:
дзе ні будзе абвешчана Дабравесце гэтае ў цэлым свеце,
сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
14
Тады адзін з дванаццаці,
якога звалі Іуда Іскарыёт,
пайшоў да першасвятароў
15
і сказаў: што вы дасце мне, і я вам выдам Яго?
Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
16
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
17
У першы ж дзень праснакоў
прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму:
дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есці пасху?
18
Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога
і скажыце яму: "Настаўнік кажа: час мой блізкі,
у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі".
19
І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус,
і прыгатавалі пасху.
20
Калі ж звечарэла,
Ён узлёг з дванаццацю вучнямі;
21
І калі яны елі, сказаў:
праўду кажу вам, што адзін з вас выдасць мяне.
22
Яны вельмі засмуціліся
і пачалі казаць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзе?
23
А Ён сказаў у адказ:
хто апусціў са Мною руку ў місу,
той выдасць Мяне.
24
Бо Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго;
але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага:
лепей было б таму чалавеку не радзіцца.
25
У адказ жа Іуда, які выдаў Яго,
сказаў: ці не я, Равві?
Іісус кажа яму: ты сказаў.
26
А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб
і благаславіўшы, пераламіў
і, раздаючы вучням, сказаў:
прыміце, ешце: гэта Цела Маё.
27
І ўзяўшы чашу,
і падзякаваўшы, падаў ім
і сказаў: піце з яе ўсе;
28
бо гэта Кроў Мая новага запавету,
за многіх праліваная дзеля даравання грахоў.
29
Кажу ж вам,
што ад сёння не буду піць ад плоду гэтага вінаграднага
да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно
ў Царстве Айца Майго.
30
І заспяваўшы,
пайшлі на гару Елеонскую.
31
Тады кажа ім Іісус:
усе вы спакусіцеся аба Мне ў гэтую ноч,
бо напісана: "паражу пастыра, і рассеюцца авечкі статку".
32
А пасля ўваскрэсення Майго сустрэну вас у Галілеі.
33
У адказ жа Пётр сказаў Яму:
калі і ўсе спакусяцца аб Табе,
я не спакушуся.
34
Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе,
што гэтае ночы,
перш чым заспявае певень,
тройчы адрачэшся ад Мяне.
35
Кажа Яму Пётр:
хоць бы мне і памерці з Табою,
не адракуся ад Цябе.
Падобнае і ўсе вучні казалі.
36
Потым прыходзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіманія,
і кажа вучням: пасядзіце тут,
пакуль Я пайду, памалюся там.
37
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых,
пачаў смуткаваць і журыцца.
38
Тады кажа ім Іісус:
душа Мая смуткуе да смерці;
пабудзьце тут і чувайце са Мною.
39
І адышоўшы крыху, упаў абліччам Сваім,
маліўся і казаў: Ойча Мой!
калі магчыма, няхай абміне Мяне чаша гэтая;
але не як Я хачу, а як Ты.
40
І прыходзіць да вучняў і знаходзіць, што яны спяць,
і кажа Пятру:
ці так не змаглі вы адну гадзіну патрываць са Мною?
41
Не спіце і маліцеся, каб не ўпасці ў спакусу:
дух бадзёры, а плоць нядужая.
42
Яшчэ, адышоўшы другі раз,
маліўся, кажучы: Ойча Мой!
калі не можа чаша гэтая абмінуць Мяне, каб Мне не піць яе,
няхай будзе воля Твая.
43
І прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць,
бо ў іх вочы ацяжэлі.
44
І пакінуўшы іх, адышоў зноў
і памаліўся трэці раз,
тое самае слова сказаўшы.
45
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх
і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце і спачываеце;
вось, наблізілася гадзіна,
і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
46
устаньце, хадзем:
вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.
47
І калі яшчэ гаварыў Ён,
вось, Іуда, адзін з дванаццаці, прыйшоў,
і з ім мноства людзей з мячамі і каламі,
ад першасвятароў і старэйшын народных.
48
А хто выдаваў Яго, даў ім знак,
кажучы: каго я пацалую, Той і ёсць,
вазьміце Яго.
49
I, адразу падышоўшы да Іісуса,
сказаў: радуйся, Равві!
І пацалаваў Яго.
50
Іісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў?
Тады падышлі, і ўсклалі рукі на Іісуса,
і ўзялі Яго.
51
І вось, адзін з тых, што былі з Іісусам,
працягнуўшы руку, дастаў меч свой
і, ударыўшы раба першасвятаровага, адсек яму вуха.
52
Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца ягонае,
бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загінуць;
53
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго,
і Ён дасць Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
54
як жа збудуцца Пісанні,
што так павінна быць?
55
У тую гадзіну сказаў Іісус народу:
быццам на разбойніка
выйшлі вы з мячамі і каламі ўзяць Мяне;
кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме,
і вы не ўзялі Мяне.
56
А ўсё гэта было,
каб збыліся пісанні прарокаў.
Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
57
А тыя, што ўзялі Іісуса, прывялі Яго да Каіафы першасвятара,
куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
58
А Пётр ішоў следам за ім зводдаль, да двара першасвятаровага
і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі,
каб бачыць канец.
59
Першасвятары і старэйшыны і ўвесь сінедрыён
шукалі ілжывага сведчання супроць Іісуса,
каб аддаць Яго на смерць;
60
і не знаходзілі;
і хоць шмат ілжывых сведкаў прыходзіла, не знайшлі.
Але нарэшце прыйшлі два ілжывыя сведкі
61
і сказалі: Ён казаў:
"магу разбурыць храм Божы
і за тры дні збудаваць яго".
62
І ўстаўшы, першасвятар сказаў Яму:
нічога не адказваеш?
што яны супроць Цябе сведчаць?
63
Іісус жа маўчаў.
І першасвятар сказаў Яму:
заклінаю Цябе Богам жывым,
скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
64
Кажа яму Іісус: ты сказаў;
нават маўляю вам: ад сёння ўгледзіце Сына Чалавечага,
што сядзіць праваруч сілы
і ідзе на аблоках нябесных.
65
Тады першасвятар разадраў адзенне сваё
і сказаў: Ён блюзнерыць.
Навошта яшчэ нам сведкі?
Вось, вы чулі блюзнерства Яго!
66
Як вам здаецца?
А яны сказалі ў адказ: варты смерці.
67
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго;
а іншыя білі па шчоках
68
і казалі: скажы нам, Хрысце, хто ўдарыў Цябе?
69
А Пётр сядзеў звонку на дварэ.
І падышла да яго адна служанка
і сказала: і ты быў з Іісусам Галілеянінам.
70
Але ён адрокся перад усімі,
сказаўшы: не ведаю, што ты кажаш.
71
А калі ён выходзіў за браму,
убачыла яго другая,
і кажа тым, што былі там:
і гэты быў з Іісусам Назарэем.
72
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы:
я не ведаю Гэтага Чалавека.
73
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі,
і сказалі Пятру: сапраўды і ты з іх,
бо і гаворка твая выдае цябе.
74
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца:
я не ведаю Гэтага Чалавека.
І тут жа заспяваў певень.
75
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Іісусам:
перш чым заспявае певень,
тройчы адрачэшся ад Мяне.
І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.