1
Калі ж настала раніца,
зрабілі нараду ўсе першасвятары і старэйшыны народу
супраць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць:
2
і звязаўшы Яго,
завялі і перадалі Яго Понцію Пілату, намесніку.
3
Тады Іуда, які выдаў Яго,
убачыўшы, што засудзілі Яго,
і раскаяўшыся,
аддаў трыццаць срэбранікаў першасвятарам і старэйшынам,
4
кажучы: саграшыў я, прадаўшы кроў нявінную.
Яны ж сказалі: што нам да таго?
глядзі сам.
5
І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў;
і пайшоўшы, павесіўся.
6
Першасвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі:
не дазваляецца класці іх у храмавую скарбніцу,
бо гэта цана крыві.
7
І зрабіўшы нараду,
купілі на іх поле ганчара
для пахавання чужынцаў;
8
таму і называецца поле тое "полем крыві" па сённяшні дзень;
9
тады збылося сказанае праз прарока Іерамію,
які кажа:
"і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага,
Якога ацанілі сыны Ізраілевы,
10
і далі іх за поле ганчара,
як сказаў мне Гасподзь".
11
Іісус жа стаў перад намеснікам.
І запытаў у Яго намеснік, кажучы: Ты Цар Іудзейскі?
Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.
12
І калі вінавацілі Яго першасвятары і старэйшыны,
Ён нічога не адказваў.
13
Тады кажа Яму Пілат:
ці не чуеш, колькі сведчаць супроць Цябе?
14
І не адказваў яму на ніводнае слова,
так што намеснік вельмі здзіўляўся.
15
А на свята намеснік меў звычай
адпускаць народу аднаго вязня,
якога б хацелі.
16
Быў тады ў іх вядомы вязень,
званы Варава.
17
І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат:
каго хочаце, каб я адпусціў вам:
Вараву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?
18
Бо ведаў, што з зайдрасці выдалі Яго.
19
Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы,
жонка яго паслала яму сказаць:
не рабі нічога Праведніку Таму,
бо я сёння ў сне шмат адцярпела за Яго.
20
Але першасвятары і старэйшыны
падбухторылі люд прасіць Вараву, а Іісуса загубіць.
21
Тады намеснік сказаў ім у адказ:
каго хочаце з двух, каб я адпусціў вам?
Яны сказалі: Вараву.
22
Кажа ім Пілат:
што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом?
Кажуць яму ўсе: няхай будзе распяты!
23
Намеснік жа сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён?
Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распяты!
24
Пілат, бачачы,
што нічога не дапамагае, а неспакой расце,
узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі,
кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага;
глядзіце самі.
25
І, адказваючы, увесь люд сказаў:
Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.
26
Тады адпусціў ім Вараву,
а Іісуса, біўшы, аддаў на распяцце.
27
Тады воіны намеснікавы, узяўшы Іісуса ў прэторыю,
сабралі на Яго цэлы полк,
28
і раздзеўшы Яго, надзелі на Яго баграніцу;
29
і, сплёўшы вянец з цёрну, усклалі на галаву Яму
і далі Яму ў правую руку кій,
і, стаўшы на калені перад Ім, кпілі з Яго,
кажучы: радуйся, Цару Іудзейскі?
30
і плявалі на Яго
і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.
31
І калі накпіліся з Яго,
знялі з Яго пурпуру
і апранулі Яго ў адзежу Ягоную,
і павялі Яго на распяцце.
32
Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сіман:
яго і прымусілі несці крыж Яго.
33
І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа,
што азначае "месца чэрапа",
34
далі Яму піць воцату, змяшанага з жоўцю;
і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.
35
Тыя, што ўкрыжавалі Яго,
дзялілі адзежу Яго, кідаючы жэрабя;
36
і, седзячы, вартавалі Яго там;
37
і змясцілі над галавою Яго надпіс з віною Яго:
гэта Іісус, Цар Іудзейскі.
38
Тады ўкрыжавалі з Ім двух разбойнікаў:
аднаго па правы бок, а другога па левы.
39
А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго,
ківаючы галовамі сваімі
40
і кажучы:
Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш!
уратуй Сябе Самога.
Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа.
41
Падобна і першасвятары з кніжнікамі
і старэйшынамі і фарысеямі,
насміхаючыся, казалі:
42
іншых ратаваў, а Самога Сябе не можа ўратаваць.
Калі Ён Цар Ізраілеў,
няхай цяпер сыдзе з крыжа,
і ўверуем у Яго;
43
спадзяваўся на Бога:
няхай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму.
Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.
44
Таксама і разбойнікі,
укрыжаваныя з Ім, ганьбілі Яго.
45
Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі
да гадзіны дзевятай;
46
а каля дзевятай гадзіны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам,
кажучы: Ілі, Ілі! лема савахфані?
што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?
47
Некаторыя з тых, што стаялі там,
чуючы гэта, казалі: Ілію кліча Ён.
48
І адразу пабег адзін з іх,
узяў губку,
намачыў у воцат
і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;
49
а другія казалі: чакай;
пабачым, ці прыйдзе Ілія ўратаваць Яго.
50
Іісус жа, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, спусціў дух.
51
І вось, завеса храма разадралася напалам, зверху данізу;
і зямля здрыганулася; і каменне раскалолася;
52
і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;
53
і выйшаўшы з магіл пасля ўваскрэсення Яго,
ўвайшлі ў святы горад і явіліся многім.
54
Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса,
бачачы землятрус і ўсё, што адбылося,
перапалохаліся вельмі
і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.
55
Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны,
якія ішлі следам за Іісусам з Галілеі, служачы Яму;
56
сярод іх былі Марыя Магдаліна
і Марыя, маці Іакава і Іасіі,
і маці сыноў Зевядзеевых.
57
Калі ж звечарэла,
прыйшоў багаты чалавек з Арымафеі, імем Іосіф,
які таксама вучыўся ў Іісуса;
58
ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Іісусава.
Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59
І ўзяўшы цела,
Іосіф абгарнуў яго чыстаю плашчаніцаю
60
і паклаў яго ў новай сваёй магіле,
якую высек у скале;
і прываліўшы вялікі камень да дзвярэй магілы, адышоў.
61
Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя,
якія сядзелі насупраць магілы.
62
На другі дзень, які ідзе за пятніцай,
сабраліся першасвятары і фарысеі да Пілата
63
і казалі: пане! мы ўспомнілі,
што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы,
сказаў: "праз тры дні ўваскрэсну";
64
дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня,
каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, не ўкралі Яго
і не сказалі народу: "уваскрэс з мёртвых",
і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.
65
А Пілат сказаў ім: маеце варту;
ідзіце, ахоўвайце, як ведаеце.