1
У тыя дні прыходзіць Іаан Хрысціцель
і прапаведуе ў пустыні Іудзейскай
2
і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3
Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісаія:
голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце шлях Госпаду,
простымі зрабіце сцежкі Яму.
4
А ў самога Іаана была вопратка з вярблюджага воласу
і скураны пояс на паясніцы ягонай;
а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5
Тады выходзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея,
і ўсё наваколле Іарданскае
6
і хрысціліся ў Іардане ад яго,
спавядаючыся ў грахах сваіх.
7
Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца,
Іаан сказаў ім: адроддзе яхідніна!
хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8
Прынясіце ж годны плод пакаяння;
9
і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам";
бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму;
10
ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць:
бо ўсякае дрэва, якое не прыносіць добрага плоду,
ссякаюць і кідаюць у агонь;
11
Я хрышчу вас вадою на пакаянне;
але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне;
я не варты панесці абутак Яго;
Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём;
12
лапата Яго ў руцэ ў Яго,
і Ён ачысціць гумно Сваё,
і збярэ пшаніцу Сваю ў жытніцу,
а мякіну спаліць агнём непагасным.
13
Тады прыходзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана
хрысціцца ад яго.
14
Іаан жа стрымліваў Яго,
кажучы: мне трэба ў Цябе хрысціцца,
а Ты прыходзіш да мяне?
15
Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусці цяпер,
бо так належыць нам здзейсніць ўсякую праўду.
Тады Іаан дапускае Яго.
16
І ахрысціўшыся, Іісус выйшаў адразу з вады; —
і вось, адкрыліся Яму нябёсы,
і ўбачыў Іаан Духа Божага,
Які сыходзіў, як голуб,
і апускаўся на Яго.
17
І вось, голас з нябёсаў прамовіў:
Гэты ёсць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.