1
Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню,
на спакушэнне ад дыявала.
2
І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад.
3
І прыступіў да Яго спакуснік
і сказаў: калі Ты Сын Божы,
скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.
4
А Ён сказаў яму ў адказ:
напісана: "не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых".
5
Тады бярэ Яго дыявал у святы горад
і ставіць Яго на крыле храма,
6
і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз;
бо напісана: "Ангелам Сваім накажа пра Цябе,
і на руках панясуць Цябе,
каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
7
Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ:
"не спакушай Госпада Бога твайго".
8
Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару,
і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,
9
і кажа Яму: усё гэта Табе дам,
калі ўпаўшы паклонішся мне.
10
Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана;
бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся,
і Яму аднаму служы".
11
Тады пакідае Яго дыявал, —
і вось, Ангелы прыступілі і слугавалі Яму.
12
Іісус, пачуўшы, што Іаан аддадзены варце,
адышоў у Галілею,
13
і, пакінуўшы Назарэт,
прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім,
у межах Завулонавых і Нефалімавых,
14
каб збылося сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
15
"Зямля Завулонава і зямля Нефалімава,
на дарозе прыморскай за Іарданам,
Галілея язычніцкая,
16
народ, што сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае,
і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні смерці, заззяла святло".
17
З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць:
пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
18
А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў:
Сімана, якога завуць Пятром,
і Андрэя, брата ягонага,
якія закідвалі мярэжы ў мора;
бо яны былі рыбакі.
19
І кажа ім: ідзіце за Мною,
і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20
І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.
21
Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў,
Іакава Зевядзеевага
і Іаана, брата ягонага,
у лодцы з Зевядзеем, бацькам іх,
якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.
22
І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго,
пайшлі за Ім.
23
І хадзіў Іісус па ўсёй Галілеі,
навучаючы ў сінагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесце Царства
і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24
І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі;
і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых,
рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых,
і апанаваных дэманамі,
і лунатыкаў,
і спаралізаваных,
і Ён ацаляў іх.
25
І за Ім ішло мноства люду
з Галілеі і Дзесяцігароддзя,
і з Іерусаліма, і з Іудзеі,
і з-за Іардана.