1
Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару;
і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
2
I, адкрыўшы вусны Свае,
Ён вучыў іх, кажучы:
3
Блажэнныя ўбогія духам,
бо іх ёсць Царства Нябеснае.
4
Блажэнныя тыя, што плачуць,
бо яны суцешацца.
5
Блажэнныя лагодныя,
бо яны ўспадкуюць зямлю.
6
Блажэнныя тыя, хто жадае і прагне праўды,
бо яны спатоляцца.
7
Блажэнныя міласэрныя,
бо яны памілаваны будуць.
8
Блажэнныя чыстыя сэрцам,
бо яны Бога ўбачаць.
9
Блажэнныя міратворцы,
бо яны сынамі Божымі назавуцца.
10
Блажэнныя гнаныя за праўду,
бо іх ёсць Царства Нябеснае.
11
Блажэнныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць
і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажаць за Мяне.
12
Радуйцеся і весяліцеся,
бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах:
так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
13
Вы — соль зямлі.
Калі ж соль страціць сілу, то чым паправіць яе?
Яна ўжо ні на што не прыдатная,
хіба што выкінуць яе прэч на патаптанне людзям.
14
Вы — святло свету:
не можа схавацца горад, які стаіць на гары.
15
І запаліўшы свечку,
не ставяць яе пад пасудзінаю, а на падсвечніку,
і свеціць усім, хто ў доме.
16
Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі,
каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі
і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах.
17
Не думайце, што Я прыйшоў парушыць закон,
альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а здзейсніць.
18
Бо праўду кажу вам:
пакуль не мінецца неба і зямля,
ані ёта адна,
ані рыска адзіная не мінецца з закона,
пакуль не збудзецца ўсё.
19
Дык вось,
хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых
і навучыць гэтак людзей,
той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным;
а хто выканае і навучыць,
той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
20
Бо, кажу вам, калі праведнасць ваша
не перавысіць праведнасці кніжнікаў і фарысеяў,
дык не ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
21
Вы чулі,
што сказана продкам: "Не забівай;
а хто заб'е, падпадае суду".
22
А Я кажу вам,
што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду;
хто ж бо скажа брату свайму "рака", падпадае сінедрыёну;
а хто скажа "неразумны", падпадае геене вогненнай.
23
Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка
і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24
пакінь там дар твой перад ахвярнікам,
і ідзі спярша памірыся з братам тваім,
і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
25
Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй,
пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім,
каб не аддаў цябе праціўнік суддзі,
а суддзя не аддаў цябе слузе,
і не кінулі цябе ў цямніцу;
26
праўду кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі апошняга кадранта.
27
Вы чулі,
што сказана продкам: "Не чыні пералюбу".
28
А я вам кажу,
што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю,
ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
29
Калі ж правае вока тваё спакушае цябе,
вырві яго і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
30
І калі правая твая рука спакушае цябе,
адатні яе і кінь ад сябе;
бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх,
а не ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
31
Сказана таксама, што, калі хто развядзецца з жонкаю сваёю,
няхай дасць ёй разводны ліст.
32
А Я вам кажу:
кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю,
акрамя як з прычыны распусты,
той даводзіць яе да пралюбадзейства;
і хто ажэніцца з разведзенай, той пралюбадзейнічае.
33
Зноў жа чулі вы,
што сказана продкам: "Не давай ілжывай прысягі,
а выконвай перад Госпадам прысягі твае".
34
А Я вам кажу:
не прысягай зусім:
ні небам, бо яно — Прастол Божы;
35
ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго;
ні Іерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
36
ні галавою тваёю не прысягай,
бо не можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
37
А няхай будзе слова ваша: "так - так", "не - не";
а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
38
Вы чулі,
што сказана: "Вока за вока, і зуб за зуб".
39
А Я кажу вам не працівіцца злому.
А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй,
падстаў яму і другую;
40
і калі хто захоча судзіцца з табою
і ўзяць у цябе сарочку,
аддай яму і вопратку;
41
і калі хто цябе змусіць ісці з ім адно попрышча,
ідзі за ім два.
42
Таму, хто просіць у цябе, дай
і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
43
Вы чулі, што сказана:
"Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго".
44
А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых,
благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас,
рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас
і маліцеся за тых, што крыўдзяць вас і гоняць вас;
45
і будзеце вы сынамі Айца вашага, Які ёсць у нябёсах;
бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі
і пасылае дождж на праведных і няправедных.
46
Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас,
якая вам узнагарода?
Ці не тое ж самае робяць і мытнікі?
47
І калі вы вітаеце братоў вашых толькі,
што асаблівага робіце?
Ці не тое ж самае робяць і язычнікі?
48
Дык вось, будзьце дасканалыя,
як дасканалы Анцец ваш Нябесны.