1
Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай
перад людзьмі, каб яны бачылі вас:
інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага,
Які ёсць у нябёсах.
2
Дык вось, калі даеш міласціну,
не трубі перад сабою,
як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах,
каб услаўлялі іх людзі.
Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.
3
У цябе ж, калі даеш міласціну,
няхай не велае левая рука твая, што робіць правая,
4
каб міласціна твая была ў тайнасці,
і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
5
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі,
што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца,
каб выставіцца перад людзьмі.
Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
6
Ты ж, калі молішся,
зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае,
памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці;
і Айцен твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
7
А молячыся,
не гаварыце лішняга, бы язычнікі;
бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;
8
дык не будзьце ж падобныя да іх;
бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу,
раней, чым вы ў Яго папросіце.
9
Дык вось, маліцеся так:
Ойча наш, Які ёсць у нябёсах!
Няхай свяціцца імя Тваё;
10
Няхай прыйдзе Царства Тваё;
няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
11
хлеб наш надзённы дай нам сёння;
12
і даруй нам даўгі нашы,
як і мы даруем даўжнікам нашым;
13
і не ўвядзі нас у спакусу,
але збаў нас ад ліхога;
бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава навекі.
Амінь.
14
Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх,
дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;
15
а як не будзеце дараваць людзям іх правінаў,
дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.
16
І калі посціце,
не будзьце панурыя, як крывадушнікі;
бо яны памрочваюць абліччы свае,
каб паказаць сябе людзям поснікамі.
Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.
17
А ты, калі посціш,
намасці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18
каб явіцца поснікам не перад людзьмі,
а перад Айцом тваім, Які ў тайнасці;
і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.
19
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі,
дзе моль і ржа нішчаць
і дзе зладзеі падкопваюцца і крадуць:
20
а збірайце сабе скарбы на небе,
дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць
і дзе зладзеі не падкопваюцца і не крадуць;
21
бо дзе скарб ваш,
там будзе і сэрца ваша.
22
Свяцільнік целу ёсць вока.
Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае,
то ўсё цела тваё светлае будзе;
23
калі ж вока тваё будзе ліхое,
то ўсё цела тваё цёмнае будзе.
І вось, калі святло, якое ў табе, — цемра,
дык якая ж цемра?
24
Ніхто не можа служыць двум гаспадарам:
бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць;
альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць.
Не можаце служыць Богу і мамоне.
25
Таму кажу вам:
не турбуйцеся дзеля душы вашае,
што вам есці і што піць,
ні дзеля цела вашага, у што апрануцца.
Ці ж душа не большая за ежу, і цела — за вопратку?
26
Зірніце на птушак нябесных:
яны не сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у жытніцы;
і Айцец ваш Нябесны корміць іх.
Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?
27
Ды і хто з вас, турбуючыся,
можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
28
І пра вопратку што турбуецеся?
Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць:
не працуюць, ні прадуць;
29
але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй
не апранаўся так, як кожная з іх;
30
калі ж траву палявую,
якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ,
Бог так апранае,
наколькі ж болей вас, малаверы!
31
Дык вось, не турбуйцеся
і не кажыце: "што нам есці?"
альбо: "што піць?"
альбо: "у што апрануцца?".
32
Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі;
ведае бо Айцец ваш Нябесны,
што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33
Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго,
і гэта ўсё дадасца вам.
34
Дык вось, не турбуйцеся заўтрашнім днём,
бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца:
досыць кожнаму дню свайго клопату.