1
Не судзіце, каб і вас не судзілі;
2
бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць;
і якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца.
3
І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго,
а бервяна ў тваім воку не заўважаеш?
4
Альбо, як скажаш брату свайму:
"Дай, я выму парушынку з вока твайго";
а вось у тваім воку бервяно?
5
Крывадушнік!
вымі спачатку бервяно са свайго вока,
і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6
Не давайце святога сабакам
і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі,
каб яны не стапталі іх нагамі сваімі
і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.
7
Прасіце, і дадзена будзе вам;
шукайце, і знойдзеце;
стукайцеся, і адчыняць вам;
8
бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
і, хто шукае, знаходзіць,
і, хто стукаецца, таму адчыняць.
9
Ці ёсць сярод вас такі чалавек,
які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба,
камень падаў бы яму?
10
і калі рыбы папросіць,
змяю падаў бы яму?
11
Дык вось, калі вы, ліхія,
умееце дары добрыя даваць вашым дзецям,
тым болей Айцец ваш, Які ёсць у нябёсах,
дасць даброты тым, хто просіць у Яго.
12
І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі,
тое і вы рабіце ім;
бо ў гэтым закон і прарокі.
13
Уваходзьце вузкімі варотамі;
бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель,
і многія ідуць імі;
14
бо вузкія вароты і цесная дарога вядуць у жыццё,
і нямногія знаходзяць іх.
15
Пільнуйцеся ад ілжывых прарокаў,
якія прыходзяць да вас у авечай адзежы,
а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
16
па іхніх пладах пазнаеце іх.
Ці ж збіраюць з цярноўніку вінаград,
альбо з дзядоўніку смоквы?
17
Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя,
а кепскае дрэва родзіць і плады кепскія:
18
не можа добрае дрэва радзіць кепскія плады,
ні дрэва кепскае радзіць плады добрыя.
19
Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага,
ссякаюць і кідаюць у агонь.
20
Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
21
Не кожны, хто кажа Мне: "Госпадзі! Госпадзі!"
увойдзе ў Царства Нябеснае,
а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах.
22
Многія скажуць Мне ў той дзень: "Госпадзі! Госпадзі!
ці не ад Твайго імя мы прарочылі?
і ці не Тваім імем дэманаў выганялі?
і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?"
23
І тады абвяшчу ім: "Я ніколі не знаў вас;
адыдзіце ад Мяне, вы, што робіце беззаконне".
24
Дык вось, кожнага,
хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх,
параўнаю з мужам разумным,
які збудаваў свой дом на камені;
25
і паліўся дождж,
і разліліся рэкі,
і падзьмулі вятры,
і рынуліся на той дом;
і ён не ўпаў,
бо закладзены быў на камені.
26
А кожны,
хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх,
падобны будзе да мужа неразважлівага,
які збудаваў свой дом на пяску;
27
і паліўся дождж,
і разліліся рэкі,
і падзьмулі вятры,
і налеглі на дом той;
і ён абваліўся, і было падзенне яго вялікае.
28
І сталася, калі Іісус выказаў гэтыя словы,
вельмі здзіўляліся людзі вучэнню Яго,
29
бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу,
а не як кніжнікі і фарысеі.