1
Ён, увайшоўшы ў лодку,
пераплыў і прыйшоў у Свой горад.
2
І вось, прынеслі да Яго паралізаванага,
пакладзенага на пасцелі.
І ўбачыўшы веру іхнюю, Іісус сказаў паралізаванаму:
мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі твае.
3
І вось, некаторыя кніжнікі
сказалі самі сабе: Ён блюзнерыць.
4
А Іісус, зразумеўшы помыслы іх, сказаў:
навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?
5
бо што лягчэй – сказаць: "даруюцца табе грахі",
альбо сказаць: "устань і хадзі"?
6
Але каб вы ведалі,
што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі,
тады кажа паралізаванаму: устань,
вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
7
І той устаў, узяў пасцель сваю,
і пайшоў у дом свой.
8
А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся
і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
9
Праходзячы адтуль,
убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мытні,
якога звалі Матфей,
і кажа яму: ідзі за Мною.
І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.
10
І сталася, калі Іісус узляжаў у доме, вось,
многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі
і ўзлеглі з Ім і вучнямі Ягонымі.
11
І ўбачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго:
навошта Настаўнік ваш есць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?
12
А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім:
не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
13
ідзіце, навучыцеся,
што азначае: "міласці хачу, а не ахвяры"?,
бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
а грэшнікаў да пакаяння.
14
Тады прыходзяць да Яго вучні Іаанавы
і кажуць: чаму мы і фарысеі посцім многа,
а Твае вучні не посцяць?
15
І сказаў ім Іісус:
ці могуць засмучацца сыны харомаў вясельных, пакуль з імі жаніх?
Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх жаніх,
і тады будуць пасціць.
16
І ніхто не прыстаўляе латкі
з нябеленага палатна да старон адзежыны;
бо зноў прышытае аддзярэ ад старога,
і дзірка будзе яшчэ горшая.
17
Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі старыя;
а інакш дзяруцца мяхі,
і віно выцякае,
і мяхі прападаюць;
а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі,
і зберагаецца тое і другое.
18
Калі Ён ім гэта казаў, вось,
прыйшоў нейкі начальнік
і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая зараз памерла;
але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю,
і яна будзе жыць.
19
І ўстаўшы, Іісус пайшоў за ім,
і вучні Яго.
20
І вось, жанчына,
якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы,
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго,
21
бо яна казала сама сабе:
калі толькі дакрануся да вопраткі Яго, выздаравею.
22
А Іісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе,
сказаў: мацуйся, дачка!
вера твая ўратавала цябе.
І выздаравела жанчына з таго часу.
23
А як прыйшоў Іісус у начальнікаў дом
і ўбачыў жалейнікаў і збянтэжаны люд,
24
сказаў ім: выйдзіце;
бо не памерла дзяўчына, а спіць.
І насміхаліся з Яго.
25
Калі ж людзі былі высланы,
Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку,
і дзяўчына ўстала.
26
І разнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.
27
І калі ішоў адтуль Іісус,
ішлі за Ім двое сляпых
і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!
28
І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сляпыя.
І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?
Яны кажуць Яму: так Госпадзе!
29
Тады Ён крануўся вачэй іх
і сказаў: па веры вашай хан будзе вам.
30
І адкрыліся вочы ў іх;
і строга наказаў ім Іісус:
глядзіце, каб ніхто не даведаўся.
31
А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.
32
Калі ж тыя выходзілі,
вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
33
І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць.
І люд, дзіву даючыся, казаў:
ніколі не было такога явішча ў Ізраілі.
34
А фарысеі казалі:
сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.
35
І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і па селішчах,
вучачы ў сінагогах іх,
прапаведуючы Дабравесце Царства
і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.
36
Бачачы людзей, Ён пашкадаваў іх,
бо яны былі знясіленыя і пакінутыя,
як авечкі без пастуха.
37
Тады кажа вучням Сваім:
жніва многа, ды работнікаў мала;
38
дык маліце Гаспадара жніва,
каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.