1
Давід, састарыўшыся і насыціўшыся жыцьцём, паставіў царом над Ізраілем сына свайго Саламона.
2
І сабраў усіх князёў Ізраілевых і сьвятароў і лявітаў,
3
і палічаны былі лявіты, ад трыццаці гадоў і вышэй, і было лікам іх, лічачы пагалоўна, трыццаць восем тысяч чалавек.
4
Зь іх прызначаны для дзеі ў доме Гасподнім дваццаць чатыры тысячы, а пісцоў і судзьдзяў шэсьць тысяч,
5
і чатыры тысячы брамнікаў, і чатыры тысячы тых, што праслаўляюць Госпада на музычных спарудах, якія ён зрабіў для праслаўленьня.
6
І падзяліў іх Давід на чароды па сынах Левія - Гірсоне, Кааце і Мэрары.
7
З Гірсанянаў - Лаэдан і Шымэй.
8
Сыны Лаэдана: першы Ехііл, Зэтам і Ёіль, трое.
9
Сыны Шымэя: Шыламіт, Хазііл і Гаран, трое. Яны ўзначальцы пакаленьняў Лаэданавых.
10
Яшчэ сыны Шымэя: Яхат, Зіза, Еўш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чацьвёра.
11
Яхат быў галоўны, Зіта другі; Еўш і Бэрыя мелі дзяцей ня многа, і таму яны былі ў адным ліку пры доме бацькавым.
12
Сыны Каата: Амрам, Іцгар, Хэўрон і Азііл, чацьвёра.
13
Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон аддзелены быў на прысьвячэньне да Сьвятога Сьвятых, ён і сыны ягоныя, навечна, каб учыняць дымленьне прад абліччам Госпада, каб служыць Яму і дабраслаўляць імем Ягоным навекі.
14
А Майсей, чалавек Божы і сыны ягоныя залічаны да калена Лявіінага.
15
Сыны Майсея: Гірсон і Эліезэр.
16
Сыны Гірсона: першы быў Шэвуіл.
17
Сыны Эліезра былі: першы Рэхавія. І ня было ў Эліезэра другіх сыноў; у Рэхавіі ж было вельмі многа сыноў.
18
Сыны Іцгара: першы Шэломіт.
19
Сыны Хэўрона: першы Ерыя і другі Амарыя, трэці Яхазііл і чацьвёрты Екамам.
20
Сыны Азііла: першы Міха і другі Ішыя.
21
Сыны Мэрарыны: Махлі і Мушы. Сыны Махлія: Элеазар і Кіс.
22
І памёр Элеазар, і ня было ў яго сыноў, а толькі дочкі; і ўзялі іх за сябе сыны Кіса, браты іхнія.
23
Сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ірэмот - трое.
24
Вось сыны Лявііны, па дамах бацькоў іхніх, узначальцы сямействаў, па імянным зьлічэньні іхнім пагалоўна, якія спраўлялі дзеі служэньня ў доме Гасподнім, ад дваццаці гадоў і вышэй.
25
Бо Давід сказаў: Гасподзь Бог Ізраілеў даў спакой народу Свайму і паставіў яго ў Ерусаліме навекі.
26
і лявітам ня трэба насіць скінію і ўсялякія рэчы яе дзеля служэньня ў ёй.
27
Таму, паводле апошніх загадаў Давіда, палічаны лявіты ад дваццаці гадоў і вышэй,
28
каб яны былі пры сынах Ааронавых, дзеля служэньня дому Гасподняму, у двары і ў прыбудовах, дзеля падтрыманьня чысьціні ўсёй сьвятыні і дзеля выкананьня ўсялякай службы пры доме Божым
29
дзеля назіраньня за хлябамі пакладнымі і пшанічнаю мукою для хлебнага прынашэньня і праснакамі, за печаным, смажаным і за ўсякаю мераю і вагою,
30
і каб станавіліся кожнае раніцы дзякаваць і славасловіць Госпада, таксама і ўвечары,
31
і пры ўсіх цэласпаленьнях, якія ўзносяцца Госпаду ў суботы, на маладзіка і ў сьвяты па ліку, як прадпісана пра іх, - пастаянна прад абліччам Госпада,
32
і каб ахоўвалі скінію адкрыцьця і сьвятыню і сыноў Ааронавых, братоў сваіх, пры службах дому Гасподняму.