1
І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.
2
Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым - укрыжаванага.
3
І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні.
4
І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы,
5
каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай.
6
А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,
7
а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,
8
якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
9
А, як напісана: "ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго".
10
А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя.
11
Бо хто зь людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духу чалавечага, які жыве ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
12
Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць дараванае нам ад Бога;
13
што і абвяшчаем не ад чалавечай мудрасьці вывучанымі словамі, а вывучанымі ад Духа Сьвятога, суадносячы духоўнае з духоўным.
14
Душэўны чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, бо ён лічыць гэта юродзтвам; і ня можа разумець, бо пра гэта трэба разважаць духоўна.
15
А духоўны разважае пра ўсё, а пра яго разважыць ніхто ня можа.
16
Бо "хто спазнаў розум Гасподні, каб мог разважыць яго?" А мы маем розум Хрыстовы.