- 1
- Дык вось, кожны павінен уважаць нас за слуг Хрыстовых і за будаўнікоў тайнаў Божых;
- 2
- ад будаўнікоў жа патрабуецца, каб кожны быў верны.
- 3
- Мне вельмі мала залежыць, як судзіце мяне вы, альбо як судзяць людзі; я і сам сябе ня суджу.
- 4
- Бо, хоць я нічога ня ведаю за сабою, але гэтым не апраўдваюся; а судзьдзя мне - Гасподзь.
- 5
- Таму ня судзеце ніяк дачасна, пакуль ня прыйдзе Гасподзь, Які і асьветліць схаванае ў змроку і выявіць сардэчныя намеры, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
- 6
- Гэта, браты, прыклаў я да сябе і да Апалоса дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудраваць звыш таго, што напісана, і не выстаўліся адзін перад адным.
- 7
- Бо хто вылучае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў бы? А калі атрымаў, чаго хвалішся, быццам не атрымаў?
- 8
- Вы перанасыціліся ўжо, вы ўжо ўзбагаціліся, вы пачалі валадарыць бяз нас. О, калі б на самай справе валадарылі, каб і мы з вамі валадарылі!
- 9
- Бо я думаю, што нам, апошнім пасланцам, Бог вызначыў быць як бы засуджанымі на сьмерць; бо мы зрабіліся ганьбішчам для сьвету, для анёлаў і людзей.
- 10
- Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы нямоглыя, а вы дужыя; вы ў славе, а мы ў ганьбе.
- 11
- Нават дагэтуль трываем голад і смагу, і галечу, і б'юць нас, і бадзяемся,
- 12
- і працуем, робячы сваімі рукамі. Ліхасловяць нас, мы дабраслаўляем; гоняць нас, мы трываем;
- 13
- клянуць нас, мы молімся; мы як сьмецьце для сьвету, як пыл, усімі таптаны дагэтуль.
- 14
- Ня каб пасароміць вас, пішу гэта, а на розум наводжу вас, як любасных дзяцей маіх.
- 15
- Бо, хоць у вас тысячы настаўнікаў у Хрысьце, але няшмат айцоў: я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе зьвеставаньнем.
- 16
- Таму прашу вас: пераймайце мяне, як я Хрыста.
- 17
- На тое паслаў я да вас Цімафея, майго любаснага і вернага ў Госпадзе сына, які нагадае вам пра шляхі мае ў Хрысьце Ісусе, як я вучу ўсюды ў кожнай царкве.
- 18
- Як я ня йду да вас, дык некаторыя ў вас заганарыліся;
- 19
- але я неўзабаве прыйду да вас, калі заўгодна будзе Госпаду, і выпрабую ня словы гардуноў, а сілу,
- 20
- бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
- 21
- Чаго вы хочаце? каб з посахам прыйшоў да вас, ці зь любоўю і духам лагоднасьці?
|