1
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго.
2
Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных.
3
Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.
4
Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, - вера нашая.
5
Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
6
Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна.
7
Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры - Адно.
8
І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.
9
Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае - большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
10
Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
11
Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.
12
Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
13
Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
14
І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас;
15
А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, - ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.
16
Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся.
17
Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
18
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго.
19
Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
20
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.
21
Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.