1
І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.
2
І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;
3
Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;
4
Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар - сьвятары;
5
Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара - сябар цара;
6
Ахісар - начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, - над падаткамі.
7
І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.
8
Вось імёны іх: Бэн-хур - на гары Яфрэмавай;
9
Бэн-Дэкер - у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;
10
Бэн-Хэсэд - у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;
11
Бэн-Авінадаў - над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;
12
Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрэеля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;
13
Бэн-Гевэр - у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;
14
Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;
15
Ахімаас - у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;
16
Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;
17
Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;
18
Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;
19
Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.
20
Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.
21
Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Пілісцкай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.
22
Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,
23
дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;
24
бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.
25
І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.
26
І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічых і дванаццаць тысяч для коньніцы.
27
І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.
28
І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.
29
І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум - і шырокі розум, як пясок на беразе мора.
30
І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.
31
Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.
32
І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;
33
і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.
34
І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.