1
Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,
2
калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.
3
Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,
4
а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.
5
Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:
6
так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы - дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.
7
Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.
8
Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;
9
не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.
10
Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,
11
ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;
12
бо вочы Госпада - да праведных, і вушы Ягоныя - да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).
13
І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?
14
Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.
15
Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;
16
майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.
17
Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;
18
бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,
19
якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;
20
яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.
21
Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,
22
Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.