- 1
- Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,
- 2
- праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,
- 3
- якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.
- 4
- Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,
- 5
- бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.
- 6
- Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.
- 7
- А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;
- 8
- бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.
- 9
- Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.
- 10
- Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.
- 11
- Прапаведуй гэта і вучы.
- 12
- Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.
- 13
- Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.
- 14
- Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.
- 15
- Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.
- 16
- Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.
|