1
І адасобіўся Мааў ад Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.
2
А Ахозія ўпаў праз краты са сьвяцёлкі сваёй, што ў Самарыі, і занямог. І паслаў паслоў і сказаў ім: ідзеце, спытайцеся ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага: ці выздаравею я ад гэтай хваробы?
3
Тады анёл Гасподні сказаў Ільлю Фэсьвіцяніну: устань, ідзі насустрач пасланым ад цара Самарыйскага і скажы ім: хіба няма Бога ў Ізраілі, што вы ідзяце пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага?
4
За гэта так кажа Гасподзь: з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш. І пайшоў Ільля і сказаў ім.
5
І вярнуліся да Ахозіі пасланцы. І ён сказаў ім: што гэта вы вярнуліся?
6
І сказалі яму: насустрач нам выйшаў чалавек і сказаў нам: ідзеце, вярнецеся да цара, які паслаў вас, і скажэце яму: так кажа Гасподзь: хіба няма Бога ў Ізраілі, што ты пасылаеш пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага? За тое з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.
7
І сказаў ім: які з выгляду той чалавек, які выйшаў напярэймы вам і казаў вам словы гэтыя?
8
Яны сказалі яму: чалавек той увесь у валасах і скураным поясам аперазаны па сьцёгнах сваіх. І сказаў ён: гэта Ільля Фэсьвіцянін.
9
І паслаў да яго пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён узышоў да яго, калі Ільля сядзеў наверсе гары, і сказаў яму: чалавек Божы? цар кажа: сыдзі.
10
І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.
11
І паслаў да яго цар другога пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён пачаў гаварыць яму: чалавек Божы! так сказаў цар: сыдзі хутчэй.
12
І адказваў Ільля і сказаў яму: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь Божы зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.
13
І яшчэ паслаў трэцім разам пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І падняўся, і прыйшоў пяцідзясятнік трэці, і ўпаў на калені свае перад Ільлём, і ўмольваў яго і казаў яму: чалавек Божы! хай ня будзе пагарджана душа мая і душа рабоў тваіх - гэтых пяцідзесяці - перад вачыма тваімі;
14
вось, сышоў агонь зь неба і папаліў двух пяцідзясятнікаў ранейшых зь іхнімі пяцідзясяткамі; але цяпер хай ня будзе пагарджана душа мая перад вачыма тваімі!
15
І сказаў анёл Гасподні Ільлю; ідзі зь ім, ня бойся яго. І ён устаў і пайшоў зь ім да цара.
16
І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты пасылаў пасланцаў пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага, быццам у Ізраілі няма Бога, каб папытацца пра слова Ягонае, - з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.
17
І памёр ён па слове Гасподнім, якое сказаў Ільля. І зацараваў Ёрам, брат Ахозіі, замест яго, у другі год Ёрама, сына Ёсафатавага, цара Юдэйскага, бо сына ў таго ня было.
18
Астатняе пра Ахозію, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.