- 1
- І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:
- 2
- Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.
- 3
- Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!
- 4
- Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.
- 5
- Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;
- 6
- ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.
- 7
- Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.
- 8
- Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.
- 9
- Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.
- 10
- Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;
- 11
- і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;
- 12
- і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;
- 13
- ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.
- 14
- Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;
- 15
- пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.
- 16
- І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.
- 17
- Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;
- 18
- выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.
- 19
- Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне
- 20
- і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.
- 21
- Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.
- 22
- Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,
- 23
- бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,
- 24
- і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.
- 25
- І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.
- 26
- З мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,
- 27
- з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.
- 28
- Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.
- 29
- Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.
- 30
- З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.
- 31
- Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.
- 32
- Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?
- 33
- Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;
- 34
- робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;
- 35
- вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.
- 36
- Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.
- 37
- Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.
- 38
- Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;
- 39
- і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.
- 40
- Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;
- 41
- Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.
- 42
- Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.
- 43
- Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.
- 44
- Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.
- 45
- Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.
- 46
- Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.
- 47
- Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,
- 48
- Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы
- 49
- і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.
- 50
- За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,
- 51
- велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!
|