1
Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.
2
Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,
3
непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,
4
здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,
5
з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.
6
Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,
7
заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.
8
Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.
9
Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.
10
А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці.
11
у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.
12
Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;
13
а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.
14
А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
15
пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.
16
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
17
каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.