- 1
- Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:
- 2
- прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.
- 3
- Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;
- 4
- і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.
- 5
- Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
- 6
- Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.
- 7
- Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;
- 8
- а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.
- 9
- Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.
- 10
- Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.
- 11
- Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.
- 12
- Тыхіка я паслаў у Эфэс.
- 13
- Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.
- 14
- Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!
- 15
- Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.
- 16
- Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!
- 17
- А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.
- 18
- І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.
- 19
- Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.
- 20
- Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.
- 21
- Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.
- 22
- Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.
|