1
Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Ён стварыў саранчу на пачатку росту позьняй травы, і гэта была трава пасьля царскага пакосу.
2
І было, калі яна скончыла есьці траву на зямлі, я сказаў: Госпадзе Божа! пашкадуй; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
3
І пашкадаваў Гасподзь пра тое: "ня будзе гэтага", сказаў Гасподзь.
4
Такую ўяву адкрыў мне Гасподзь Бог: вось, Гасподзь Бог утварыў для суду агонь, - і ён зжэр вялікую багну, зжэр і частку зямлі.
5
І сказаў я: Госпадзе Божа! спыні; як устаіць Якаў? ён вельмі малы.
6
І пашкадаваў Гасподзь пра тое: "і гэтага ня будзе", сказаў Гасподзь Бог.
7
Такую ўяву адкрыў Ён мне: вось, Гасподзь стаяў на выноснай сьцяне, і ў руцэ ў яго сьвінцовая вага.
8
І сказаў мне Гасподзь: "што ты бачыш, Амосе?", я адказаў: "вагу". І Гасподзь сказаў: "вось, пакладу вагу сярод народу майго Ізраіля; ня буду больш дараваць яму.
9
І спустошаны будуць ахвярныя вышыні Ісакавыя, і разбураны будуць сьвяцілішчы Ізраілевыя, і паўстану зь мечам супроць дому Ераваамавага".
10
І паслаў Амасія, сьвятар Вэтыльскі, да Ераваама, цара Ізраільскага, сказаць: Амос утварае смуту супроць цябе сярод дому Ізраілевага; зямля ня можа цярпець усіх слоў ягоных,
11
бо так кажа Амос: ад меча памрэ Ераваам, а Ізраіль абавязкова зьведзены будзе палонным зь зямлі сваёй.
12
І сказаў Амасія Амосу: празорлівец! ідзі і сыдзі ў зямлю Юдавую; там еж хлеб і там прароч,
13
а ў Вэтылі больш не прароч, бо ён - сьвятыня цара і дом царскі.
14
І адказваў Амос і сказаў Амасію: я - не прарок і ня сын прарока, я быў пастух і зьбіраў сікаморы.
15
Але Гасподзь узяў мяне ад авечак, і сказаў мне Гасподзь: ідзі, прароч народу Майму Ізраілю.
16
Цяпер выслухай слова Гасподняе. Ты кажаш: не прароч на Ізраіля і не вымаўляй слоў на дом Ісакаў.
17
За гэта, вось што кажа Гасподзь: жонка твая будзе зьняслаўлена ў горадзе, сыны і дочкі твае загінуць ад меча, зямля твая будзе падзелена межавою вяроўкаю, а ты памрэш у зямлі нячыстай, і Ізраіль мусова выведзены будзе зь зямлі сваёй.