1
Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі,
2
і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
3
І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
4
Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: "абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды:
5
у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар,
6
а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ".
7
Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
8
У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў.
9
Яны сказалі цару Навухаданосару: "цару, вавек жыві!
10
Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу;
11
а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ".
12
Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца".
13
Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
14
Навухаданосар сказаў ім: "ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?
15
Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?"
16
І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: "няма нам патрэбы адказваць табе на гэта.
17
Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць.
18
Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся".
19
Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе,
20
і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ.
21
Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
22
І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага.
23
А гэтыя тры мужы - Сэдрах, Місах і Аўдэнага - упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
24
Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: "ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?" Яны ў адказ сказалі цару: "сапраўды так, цару!"
25
На гэта Ён сказаў: "вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага".
26
Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: "Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! выйдзіце і падыдзеце!" Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
27
І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
28
Тады Навухаданосар сказаў: "дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго!
29
І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агуднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць".
30
Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі.
31
"Навухаданосар цар усім народам, плямёнам і родам, якія жывуць на ўсёй зямлі: хай вам мір памножыцца!
32
Азнакі і цуды, якія ўчыніў над мною Ўсявышні Бог, заўгодна мне абвясьціць вам.
33
Якія вялікія азнакі Яго і якія магутныя цуды Яго! Царства Яго - царства вечнае, а валадарства Яго - у роды і роды".