1
Заўгодна было Дарыю паставіць над царствам сто дваццаць сатрапаў, каб яны былі ва ўсім царстве,
2
а над імі трох князёў, - адзін зь якіх быў Данііл, - каб сатрапы давалі ім адказ, і каб цару ня было ніякага клопату.
3
Данііл пераўзыходзіў астатніх князёў і сатрапаў, бо ў ім быў высокі дух, і цар задумваў ужо паставіць яго над усім царствам.
4
Тады князі і сатрапы пачалі шукаць зачэпкі, каб абскаржыць Данііла ў кіраваньні царствам; але ніякай зачэпкі і пахібы знайсьці не маглі, бо ён быў верны, і някай пахібы альбо віны не аказвалася на ім.
5
І гэтыя людзі сказалі: "не знайсьці нам зачэпкі супроць Данііла, калі мы ня знойдзем яе супроць яго ў законе ягонага Бога".
6
Тады гэтыя князі і сатрапы падступіліся да цара і так сказалі яму: "цар Дарый, вавекі жыві!
7
Усе князі царства, намесьнікі, сатрапы, дарадцы і ваеначальнікі згадзіліся паміж сабою, каб была зроблена царская пастанова і выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму.
8
Дык вось, сьцьвердзі, цару, гэтую забарону і падпішы ўказ, каб ён быў нескасавальны, як закон Мідыйскі і Персідскі, і каб ён ня быў парушаны".
9
Цар Дарый падпісаў указ і гэтую забарону.
10
А Данііл, калі даведаўся, што падпісаны такі ўказ, пайшоў у свой дом; а вокны ў сьвяцёлцы ягонай былі адчынены супроць Ерусаліма, і ён тры разы на дзень схіляў калені і маліўся свайму Богу і славіў Яго, як ён рабіў гэта і да таго.
11
Тады гэтыя людзі падсачылі і знайшлі Данііла, як ён маліўся і прасіў свайго Бога,
12
потым прыйшлі і сказалі цару пра царскую забарону: "ці ня ты падпісаў указ, каб кожнага чалавека, які трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека акрамя цябе, цару, у львоўнік?" Цар адказаў і сказаў: "гэта слова цьвёрдае, як закон Мідзянаў і Персаў, што ня можа быць зьменены".
13
Тады адказвалі яны і сказалі цару, што "Данііл, які - з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі".
14
Цар, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся і паклаў сабе на сэрца ўратаваць Данііла, і аж да захаду сонца вельмі намагаўся вызваліць яго.
15
А тыя людзі падступіліся да цара і сказалі яму: "ведай, цару, што паводле закона Мідзянаў і Персаў ніякая забарона або пастанова, зацьверджаная царом, ня можа быць зьменена".
16
Тады цар загадаў, і прывялі Данііла і ўкінулі ў львіную яму: пры гэтым цар сказаў Даніілу: "твой Бог, Якому ты заўсёды служыш, Ён выратуе цябе!"
17
І прынесьлі камень і паклалі на атворыну ямы, і цар запячатаў яе сваім пярсьцёнкам і пярсьцёнкамі вяльможаў сваіх, каб нішто не перамянілася ў распарадзе пра Данііла.
18
Пасьля цар пайшоў у свой палац, лёг спаць не вячэраўшы і нават не дазволіў уносіць яму ежу, і сон ня йшоў да яго.
19
Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка
20
і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: "Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?"
21
Тады Данііл сказаў цару: "цару, вавекі жыві!
22
Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства".
23
Тады цар дужа ўзрадаваўся за яго і загадаў падняць Данііла зь ямы; і ніякай пашкоды ня знойдзена на ім, бо ён верыў у Бога свайго.
24
І загадаў цар, і прывялі тых людзей, якія абскардзілі Данііла, і ўкінулі ў львоўнік, як іх самых, так і дзяцей іхніх і жонак іхніх; і не дасталі яны яшчэ да дна ямы, як ільвы пахапалі іх і патрушчылі ўсе іх косьці.
25
Пасьля таго цар Дарый напісаў усім народам, плямёнам і родам, што жылі на ўсёй зямлі: "няхай мір вам памножыцца!
26
Мною даецца загад, каб у кожнай мясьціне майго царства трымцелі і баяліся перад Богам Даніілавым, бо Ён ёсьць Бог Жывы і Вечнаісны, і царства Яго нязьнішчальнае, і валадарства Яго бясконцае.
27
Ён выбаўляе і ратуе і ўчыняе цуды і азнакі на небе і на зямлі; Ён уратаваў Данііла ад ільвінае сілы".
28
І Данііл меў посьпех і ў цараваньне Дарыя і ў цараваньне Кіра Персідскага.