- 1
- Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.
- 2
- Сэрца мудрага - праваруч, а сэрца бязглуздага - леваруч.
- 3
- І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.
- 4
- Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.
- 5
- Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:
- 6
- на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;
- 7
- бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.
- 8
- Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.
- 9
- Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.
- 10
- Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі - мудрасьць.
- 11
- Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.
- 12
- Слова з вуснаў мудрага - мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:
- 13
- пачатак слоў зь яго вуснаў - глупства, а канец яго казані з вуснаў - шаленства.
- 14
- Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?
- 15
- Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.
- 16
- Гора табе, зямля, калі цар твой - дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!
- 17
- Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!
- 18
- Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.
- 19
- Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.
- 20
- Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая - казань тваю пераказаць.
|