- 1
- Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.
- 2
- Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.
- 3
- Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся - зрабі.
- 4
- Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.
- 5
- Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: "гэта - памылка!" Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?
- 6
- Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў - марнасьці шмат; а ты бойся Бога.
- 7
- Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;
- 8
- а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.
- 9
- Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта - марнасьць!
- 10
- Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?
- 11
- Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.
- 12
- Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.
- 13
- І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.
- 14
- Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.
- 15
- І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?
- 16
- А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.
- 17
- Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта - ягоная доля.
- 18
- І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта - дар Божы.
- 19
- Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.
|