- 1
- Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці - за дзень нараджэньня.
- 2
- Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
- 3
- Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых - у доме вясёлым.
- 5
- Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
- 6
- бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта - марнасьць!
- 7
- Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
- 8
- Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
- 9
- Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
- 10
- Не кажы: "чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?" - не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
- 11
- Добрая мудрасьць - як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
- 12
- бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
- 13
- Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
- 14
- У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
- 15
- Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
- 16
- Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
- 17
- Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
- 18
- Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
- 19
- Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
- 20
- Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
- 21
- таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
- 22
- Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
- 23
- Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: "буду я мудры"; але мудрасьць далёка ад мяне.
- 24
- Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
- 25
- І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
- 26
- І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна - сетка, і сэрца ў яе - пастка, рукі ў яе - кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
- 27
- Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
- 28
- Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
- 29
- Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.
|