- 1
- І вас, мёртвых за злачынствы і грахі вашыя,
- 2
- у якіх вы калісьці жылі, згодна са звычаямі сьвету гэтага, па волі князя, які ўладарыць у паветры, духа, які дзее цяпер у сынах супраціву,
- 3
- сярод якіх і мы калісьці жылі ў нашых плоцкіх жадобах, выконваючы пахаценьне плоці і помыслаў, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і астатнія,
- 4
- Бог, багаты міласэрнасьцю, зь вялікай сваёй любові, якою палюбіў вас,
- 5
- і нас, мёртвых за злачынствы, ажыватварыў з Хрыстом, - мілатою вы ўратаваныя,
- 6
- і ўваскрэсіў зь Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысьце Ісусе,
- 7
- каб зьявіць у наступных вяках найшчадрэйшае багацьце мілаты Сваёй у даброці да нас у Хрысьце Ісусе.
- 8
- Бо мілатою вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас, - Божы дар:
- 9
- не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся.
- 10
- Бо мы - Ягоныя стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў назначыў нам выконваць.
- 11
- Дык вось памятайце, што вы, колісь язычнікі па плоці, якіх называлі "неабрэзанымі", так званыя "рукатворна абрэзаныя на плоці",
- 12
- што вы былі ў той час бяз Хрыста, адсечаныя ад грамадзтва Ізраільскага, чужыя запаветам абяцаньня, ня мелі надзеі і былі бязбожнікі ў сьвеце;
- 13
- а цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі колісь далёка, сталіся блізкімі Крывёю Хрыстоваю:
- 14
- бо Ён ёсьць мір наш, Які зрабіў з двух адно і зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне -
- 15
- скасаваўшы варожасьць Плоцьцю Сваёю, - а закон запаведзяў - вучэньнем, каб з двух стварыць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, сталюючы мір,
- 16
- і ў адным целе прымірыць абодвух з Богам крыжам, забіўшы на гэтым варожасьць;
- 17
- і, прыйшоўшы, "абвяшчаў мір вам, далёкім, і блізкім",
- 18
- бо празь Яго і тыя і другія маем доступ да Айца, у адным Духу.
- 19
- Дык вось, вы ўжо ня чужынцы і ня прыхадні, а суграмадзяне сьвятым і свае Богу,
- 20
- уцьверджаныя на аснове апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста каменем вугла,
- 21
- на якім увесь будынак, моцна складаны, вырастае ў сьвяты храм у Госпадзе,
- 22
- на якім і вы будуецеся ў селішча Божае Духам.
|