- 1
- Дык вось я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы,
- 2
- з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго,
- 3
- імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру.
- 4
- Адно цела і адзін Дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага пакліканьня;
- 5
- адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне,
- 6
- адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ўва ўсіх нас.
- 7
- А кожнаму з нас дадзена мілата ў меру дару Хрыстовага.
- 8
- Таму і сказана: "падняўшыся на вышыню, запаланіў паланёных і даў дары людзям".
- 9
- А "падняўся" што азначае, як ня тое, што Ён і сыходзіў раней у прадонныя мясьціны зямлі?
- 10
- Хто сыходзіў, Ён жа ёсьць і Той, Хто ўзышоў над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
- 11
- І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравесьнікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,
- 12
- на дасканаленьне сьвятых, на дзею служэньня, на збудаваньне Цела Хрыстовага,
- 13
- пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнаньня Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру поўнага росту Хрыстовае паўнаты;
- 14
- каб мы ня былі больш недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў змусту.
- 15
- А каб у шчырай любові ўсе ўзрасталі ў Таго, Які ёсьць Галава, у Хрыста.
- 16
- зь Якога ўсё цела, што складаецца і злучаецца праз розныя ўзаемна жыўналучныя сувязі, у меру дзеяньня кожнага асобнага чэлеса, атрымлівае прырост цела на збудаваньне самога сябе ў любові.
- 17
- Таму я кажу і заклінаю Госпадам, каб вы болей не рабілі, як робяць астатнія народы ў марноце розуму свайго,
- 18
- бо яны запамрочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцьця Божага з прычыны іхняга невуцтва і зжарсьцьвеласьці сэрца іхняга;
- 19
- яны, дарэшты зьнячуліўшыся, аддаліся распусьце так, што робяць усякае паскудзтва ненасытна.
- 20
- Але вы ня так навучыліся ад Хрыста,
- 21
- бо вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся, - бо ісьціна ў Ісусе, -
- 22
- пазбыцца разам зь мінулым жыцьцём старога чалавека, які парахнее ў панадных пахацінствах,
- 23
- а абнавіцца духам розуму вашага
- 24
- і апрануцца ў новага чалавека, створанага ў падабенстве Божым, у праведнасьці і сьвятасьці ісьціны.
- 25
- Таму, адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму, бо мы чэлесы адзін аднаму.
- 26
- Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым;
- 27
- і не давайце месца д'яблу.
- 28
- Хто краў, больш ня крадзь, а лепей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго выдзяляць таму, хто мае патрэбу.
- 29
- Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам.
- 30
- І не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня.
- 31
- Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе з усякаю злосьцю хай будуць выдалены з вас;
- 32
- але будзьце адно да аднаго добрыя, спагадлівыя, даруйце адно аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.
|