1
Дык вось, сьледуйце Богу, як дзеці любасныя,
2
і жывеце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэньне і ахвяру Богу, на пахошчы прыемныя.
3
А распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават упамінацца ў вас, як гэта прыстойна сьвятым.
4
Таксама і брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам; а наадварот, хай лепш будзе падзяка;
5
бо ведайце, што ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.
6
Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных:
7
дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі.
8
Вы былі колісь цемра, а цяпер - сьвятло ў Госпадзе: дык паводзьцеся, як дзеці сьвятла,
9
бо плод Духа - ва ўсякай даброці, праведнасьці і ісьціне.
10
Шукайце таго, што да спадобы Богу,
11
і не бярэце ўдзелу ў бясплённых дзеях цемры, а яшчэ і выкрывайце,
12
бо пра тое, што яны робяць таемна, сорамна і казаць.
13
А ўсё, што выкрываецца, выяўляецца ў сьвятле, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло.
14
Таму сказана: "устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых, і асьветліць цябе Хрыстос!".
15
Дык глядзеце, дзейце асьцярожна, не як неразумныя, а як мудрыя,
16
цэнячы дорага час, бо дні - ліхія.
17
Дык ня будзьце ж неразважныя, а спазнавайце, што ёсьць воля Божая.
18
І ня ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуста; а напаўняйцеся Духам,
19
настаўляючы саміх сябе псальмамі і славаслоўем і духоўнымі сьпевамі, сьпяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,
20
дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,
21
слухаючыся адно аднаго ў страху Божым.
22
Жонкі, упакорвайцеся сваім мужам, як Госпаду,
23
бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос - галава Царквы, і Ён жа Збаўца цела.
24
Але як Царква слухаецца Хрыста, так і жонкі сваіх мужоў ва ўсім.
25
Мужы, любеце сваіх жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
26
каб асьвяціць яе, ачысьціўшы мыцьцём водным, праз слова;
27
каб прадставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, без заганы, або чаго-небудзь падобнага, а каб яна была сьвятая і беззаганная.
28
Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела: хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
29
Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву;
30
бо мы часткі Цела Ягонага, ад плоці Ягонай і ад касьцей Ягоных.
31
Таму "пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адна плоць".
32
Тайна гэтая вялікая; я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
33
Так кожны з вас хай любіць сваю жонку, як самога сябе; а жонка хай баіцца свайго мужа.