- 1
- Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
- 2
- Шануй бацьку твайго і маці - гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
- 3
- "Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі".
- 4
- І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
- 5
- Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
- 6
- ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
- 7
- служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
- 8
- ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
- 9
- І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.
- 10
- Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
- 11
- апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д'ябальскіх;
- 12
- бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
- 13
- Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
- 14
- Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
- 15
- і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
- 16
- а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
- 17
- і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;
- 18
- усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
- 19
- і за мяне, каб мне дадзена было слова - вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
- 20
- дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
- 21
- А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
- 22
- якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
- 23
- Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
- 24
- Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.
|