1
І сказаў Гасподзь Майсею: яшчэ адну кару Я навяду на фараона і на Егіпцянаў; пасьля таго ён пусьціць вас адгэтуль; а калі ён будзе адпускаць, пасьпешліва будзе гнаць вас адгэтуль;
2
скажы ў вушы народу, каб кожны ў блізкага свайго і кожная жанчына ў блізкай сваёй выпрасілі рэчаў срэбраных і рэчаў залатых.
3
І даў Гасподзь ласку народу ў вачах Егіпцянаў; ды і Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Егіпецкай, у вачах рабоў фараонавых і ў вачах народу.
4
І сказаў Майсей: так кажа Гасподзь: апоўначы Я прайду сярод Егіпта,
5
і памрэ кожны першынец у зямлі Егіпецкай ад першынца фараона, які сядзіць на троне сваім, да першынца рабыні, якая каля жорнаў, і ўсё першароднае з быдла;
6
і будзе енк вялікі па ўсёй зямлі Егіпецкай, якога ня бывала і якога ня будзе болей;
7
а ва ўсіх сыноў Ізраілевых ні на чалавека, ні на быдла не варухне сабака языком сваім, каб вы ведалі, якую розьніцу робіць Гасподзь паміж Егіпцянамі і паміж Ізраільцянамі.
8
І прыйдуць усе рабы гэтыя твае да мяне і паклоняцца мне, кажучы: выйдзі ты і ўвесь народ, які ты ўзначальваеш. Пасьля гэтага я і выйду. І выйшаў ад фараона з гневам.
9
І сказаў Гасподзь Майсею: не паслухаўся вас фараон, каб памножыліся і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай.
10
Майсей і Аарон зрабілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам; але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.