- 1
- А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;
- 2
- даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.
- 3
- Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным.
- 4
- Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны;
- 5
- пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;
- 6
- і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае.
- 7
- І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх;
- 8
- даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера.
- 9
- і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.
- 10
- Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім;
- 11
- зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.
- 12
- А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, - палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;
- 13
- а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.
- 14
- І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.
- 15
- І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:
- 16
- даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;
- 17
- у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.
- 18
- Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,
- 19
- і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;
- 20
- і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,
- 21
- і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;
- 22
- а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў
- 23
- і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;
- 24
- яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;
- 25
- і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.
- 26
- І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,
- 27
- і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;
- 28
- а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:
- 29
- а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.
- 30
- І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.
- 31
- І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;
- 32
- і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;
- 33
- і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.
- 34
- І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.
- 35
- І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.
- 36
- І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;
- 37
- і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.
|