1
А ты падымі плач па князях Ізраіля
2
і скажы: што за львіца маці твая? разьмясьцілася сярод ільвоў, сярод маладых ільвоў гадавала ільвянятаў сваіх.
3
І выгадавала адно ільвяня сваё; яно зрабілася маладым ільвом, і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей.
4
І пачулі пра яго народы; ён быў злоўлены ў яму іхнюю, і ў ланцугах завялі яго ў зямлю Егіпецкую.
5
І калі пачакаўшы яна ўбачыла, што надзея яе прапала, тады ўзяла другое сваё ільвяня і зрабіла яго маладым ільвом.
6
І, зрабіўшыся маладым ільвом, ён пачаў хадзіць сярод ільвоў і навучыўся лавіць здабычу, еў людзей
7
і апаганьваў удоваў іхніх і гарады іхнія спусташаў; і апусьцела зямля і ўсе селішчы яе ад рыку ягонага.
8
Тады паўсталі на яго народы з навакольных мясьцінаў і раскінулі на яго сетку сваю; ён злоўлены быў у яму іхнюю.
9
І пасадзілі яго ў клетку на ланцуг і завялі яго да цара Вавілонскага; завялі яго ў крэпасьць, каб ня чуцён ужо быў голас ягоны на горах Ізраілевых.
10
Твая маці была - як вінаградная лаза, пасаджаная каля вады; пладавітая і галінастая была яна ад багацьця вады.
11
І былі ў яе галіны моцныя для скіпетраў валадароў, і высока падняўся камель яе сярод густых галін; і выдзялялася яна вышынёю сваёю з мноствам галінаў сваіх.
12
Але ў гневе вырвана, кінута на зямлю, і ўсходні вецер высушыў плод яе; адарваны і высахлі галіны яе, агонь зжэр іх.
13
А цяпер яна перасаджана ў пустыню, у зямлю сухую і сьмяглую.
14
І выйшаў агонь з камля галін яе, зжэр плады яе, і не засталося на ёй галін моцных для скіпетра валадара. Гэта - сьлёзная песьня, і застанецца для плачу.