1
І было мне слова Гасподняе:
2
сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да гарадоў Ізраілевых і прарочы на іх,
3
і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Госпада Бога. Так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, далінам і лагчынам: вось, Я навяду на вас меч, і разбуру вышыні вашыя;
4
і ахвярнікі вашыя будуць спустошаны, слупы вашыя ў гонар сонца будуць разьбіты, і кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі;
5
і пакладу сыноў Ізраілевых перад ідаламі іхнімі, і рассыплю косткі вашыя вакол ахвярнікаў вашых.
6
Ва ўсіх мясьцінах вашага жыхарства гарады будуць спустошаны і вышыні разбураны дзеля таго, каб спустошаны і разбураны былі ахвярнікі вашыя, каб струшчаны і зьнішчаны былі ідалы вашыя, і разьбіты сонечныя слупы вашыя, і згладзіліся ўтворы вашыя.
7
І будуць падаць сярод вас забітыя, і ўведаеце, што Я - Гасподзь.
8
Але Я ашчаджу рэшту, так што будуць у вас сярод народаў ацалелыя ад меча, калі вы будзеце расьсеяны па землях.
9
І згадаюць мяне ацалелыя вашыя сярод народаў, куды будзеце зьведзены ў няволю, калі Я прывяду ў скруху распуснае сэрца іхняе, адпалае ад Мяне, і вочы іх, якія блудзілі сьледам за ідалам; і яны да саміх сябе адчуюць агіду за тое ліха, якое яны ўчынялі ва ўсіх гнюсотах сваіх;
10
і ўведаюць, што Я - Гасподзь; нездарма казаў Я, што навяду на іх такое бедства.
11
Так кажа Гасподзь Бог: плясьні рукамі тваімі і тупні нагою тваёю, і скажы: гора за ўсе агідныя зладзействы дому Ізраілевага! загінуць яны ад меча, голаду і згубнай пошасьці.
12
Хто далёка, той памрэ ад згубнай пошасьці; а хто блізка, той загіне ад меча; а хто застанецца і ацалее, памрэ ад голаду; так зьдзейсьню над ім гнеў Мой.
13
І ўведаеце, што Я - Гасподзь, калі забітыя будуць ляжаць паміж ідаламі сваімі вакол ахвярнікаў іхніх, на кожным высокім пагорку, на ўсіх вяршынях гор, і пад кожным зялёным дрэвам, і пад кожным галінастым дубам, і на тым месцы, дзе яны прыносілі духмяныя пахошчы ўсім ідалам сваім.
14
І працягну на іх руку Маю і зраблю зямлю пустыняю і стэпам, ад пустыні Дыўлат, ва ўсіх мясьцінах іхняга жыхарства, і ўведаюць, што Я - Гасподзь.