- 1
- Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.
- 2
- Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.
- 3
- Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.
- 4
- Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,
- 5
- а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;
- 6
- бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.
- 7
- Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?
- 8
- Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.
- 9
- Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.
- 10
- Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.
- 11
- За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.
- 12
- О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!
- 13
- Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.
- 14
- Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: "любі блізкага твайго, як самога сябе".
- 15
- Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.
- 16
- Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;
- 17
- бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух - супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.
- 18
- Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.
- 19
- Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,
- 20
- ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,
- 21
- нянавісьць, забойствы, п'янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.
- 22
- А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,
- 23
- лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.
- 24
- А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.
- 25
- Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.
- 26
- Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.
|