- 1
- І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе;
- 2
- і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве.
- 3
- Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя.
- 4
- І пайшоў Абрам, як сказаў яму Гасподзь; і зь ім пайшоў Лот. Абраму было семдзесят пяць гадоў, калі выйшаў з Харана.
- 5
- І ўзяў з сабою Сару, жонку сваю, Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую яны набылі, і ўсіх людзей, якіх яны мелі ў Харане; і выйшлі, каб ісьці ў зямлю Ханаанскую; і прыйшлі ў зямлю Ханаанскую.
- 6
- І прайшоў Абрам па зямлі гэтай да мясьціны Сіхем, да дубровы Марэ: у гэтай зямлі тады жылі Хананэі.
- 7
- І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму.
- 8
- Адтуль рушыў ён да гары, на ўсход ад Вэтыля; і паставіў намёт свой так, што ад яго Вэтыль быў на захад, а Гай на ўсход; і паставіў ахвярнік Госпаду і заклікаў імя Госпада.
- 9
- І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень.
- 10
- І быў голад у той зямлі. І сышоў Абрам у Егіпет, пажыць там, бо памацнеў голад у зямлі той.
- 11
- Калі ж ён набліжаўся да Егіпта, дык сказаў Сары, жонцы сваёй: вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду;
- 12
- і калі Егіпцяне ўбачаць цябе, дык скажуць: гэта жонка яго; і зяб'юць мяне, а цябе пакінуць жывою;
- 13
- скажы ж, што ты мне сястра, каб мне добра было дзеля цябе, і каб жывая была душа мая празь цябе.
- 14
- І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая;
- 15
- убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў.
- 16
- І Абраму добра было празь яе; і было ў яго дробнае і буйное быдла і аслы, і рабы і рабыні, і коні і вярблюды.
- 17
- Але Гасподзь уразіў цяжкімі ранамі фараона і дом ягоны за Сару, жонку Абрамавую.
- 18
- І паклікаў фараон Абрама і сказаў: што гэта ты зрабіў са мною? чаму не сказаў мне, што яна жонка твая?
- 19
- навошта ты сказаў: яна сястра мая? І я ўзяў быў яе сабе за жонку. І цяпер вось жонка твая; вазьмі ды йдзі.
- 20
- І даў пра яго фараон загад людзям, і правялі яго, і жонку ягоную, і ўсё, што ў яго было.
|