1
І выправіўся Ізраіль з усім, што ў яго было, і прыйшоў у Вірсавію, і прынёс ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.
2
І сказаў Бог Ізраілю ва ўяве начной: Якаве! Якаве! Ён сказаў: вось я.
3
Бог сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; ня бойся ісьці ў Егіпет, бо там павяду ад цябе народ вялікі;
4
Я пайду з табою ў Егіпет, я і выведу цябе назад; Язэп сваёю рукою закрые вочы твае.
5
Якаў выправіўся зь Вірсавіі; і павезьлі сыны Ізраілевыя Якава, бацьку свайго і дзяцей сваіх і жонак сваіх на калясьніцах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.
6
І ўзялі яны быдла сваё і маёмасьць сваю, якую набылі ў зямлі Ханаанскай, і прыйшлі ў Егіпет, - Якаў і ўвесь род ягоны зь ім.
7
Сыноў сваіх і ўнукаў сваіх з сабою, дачок сваіх і ўнучак сваіх і ўвесь род свой прывёў ён з сабою ў Егіпет.
8
Вось імёны сыноў Ізраілевых, якія прыйшлі ў Егіпет: Якаў і сыны ягоныя. Першынец Якава Рувім.
9
Сыны Рувімавыя: Ханох і Фалу, Хецрон і Хармі.
10
Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі.
11
Сыны Левія: Гірсон, Кааф і Мэрары.
12
Сыны Юдавыя: Ір і Анан, і Шэла і Фарэс і Зара; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай. Сыны Фарэсавыя былі: Эсром і Хамул.
13
Сыны Ісахаравыя: Тола і Фува, Ёў і Шымрон.
14
Сыны Завулонавыя: Сэрэд і Элон і Яхлэіл.
15
Гэта сыны Ліі, якіх яна нарадзіла Якаву ў Месапатаміі, і Дзіну, дачку ягоную. Усіх душ сыноў ягоных і дачок ягоных трыццаць тры.
16
Сыны Гадавыя: Цыфіён і Хагі, Шуні і Эцбон, Эры і Ароды і Арэлі.
17
Сыны Асіравыя: Імна і Ішва, і Ішві і Брыя, і Сэрах, сястра іхняя. Сыны Брыі: Хэвэ і Малхііл.
18
Гэта сыны Зэлфы, якую Лаван даў Ліі, дачцэ сваёй: яна нарадзіла іх Якаву шаснаццаць душ.
19
Сыны Рахілі, жонкі Якава: Язэп і Веньямін.
20
І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Егіпецкай Манасія і Яфрэм, якіх нарадзіла яму Асэнэта, дачка Потыфэра, жраца Она.
21
Сыны Веньяміна: Бэла і Бэхер і Ашбэл; Гера і Нааман, Эхі і Рош, Муіпім і Хупім і Ард.
22
Гэта сыны Рахілі, якія нарадзіліся ў Якава, усяго чатырнаццаць душ.
23
Сын Данаў: Хушым.
24
Сыны Нэфталімавыя: Яхцэіл і Гуні, Ецэр і Шылэм.
25
Гэта сыны Валы, якую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі; яна і нарадзіла іх Якаву ўсяго сем душ.
26
Усіх душ, што прыйшлі зь Якавам у Егіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, апрача жонак сыноў Якаўлевых, усяго шэсьцьдзясят шэсьць душ.
27
Сыноў Язэпа, якія нарадзіліся ў Егіпце, дзьве душы. Усіх душ дома Якаўлевага, што перайшлі ў Егіпет, семдзесят пяць.
28
Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён паказваў дарогу ў Гесэм. І прыйшлі ў зямлю Гесэм.
29
Язэп запрог калясьніцу сваю і выехаў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гесэм, і, убачыўшы яго, упаў на шыю яму, і доўга плакаў на шыі ў яго.
30
І сказаў Ізраіль Язэпу: памру я цяпер, убачыўшы аблічча тваё; бо ты яшчэ жывы.
31
І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: я пайду, паведамлю фараону і скажу яму: браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне;
32
гэтыя людзі пастухі авечак, бо скатаводы яны; і дробнае і буйное быдла сваё, і ўсё, што ў іх, прывялі яны.
33
Калі фараон пакліча вас і скажа: які занятак ваш?
34
дык вы скажэце: мы, рабы твае, уласьнікамі статкаў былі з маладосьці нашай да сёньня, і мы і бацькі нашыя, - каб вас пасялілі ў зямлі Гесэм. Бо гідотны Егіпцянам усякі пастухавечы.