- 1
- І дабраславіў Гасподзь Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю;
- 2
- хай баяцца і хай трымцяць перад вамі ўся жывёла зямная і ўсе птушкі нябесныя, усё, што рухаецца на зямлі, і ўсе рыбы марскія: у вашыя рукі аддадзены яны;
- 3
- усё, што рухаецца, што жыве, будзе вам на ежу; як зеляніну траўную даю вам усё;
- 4
- толькі плоці з душою яе, з крывёю яе, ня ежце:
- 5
- Я спаганю і вашу кроў, у якой жыцьцё ваша, спаганю яе з усякай жывёлы, спаганю таксама душу чалавека з рукі чалавека, з рукі брата ягонага;
- 6
- хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца рукою чалавека: бо чалавек створаны паводле вобраза Божага;
- 7
- а вы пладзецеся і множцеся, і расьсяляйцеся паўсюль па зямлі і множцеся на ёй.
- 8
- І сказаў Бог Ною і сынам ягоным зь ім:
- 9
- вось, Я станаўлю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасьля вас,
- 10
- і з усякаю душою жывою, якая з вамі, з птушкамі і з быдлам, і з усімі жывёламі зямнымі, якія ў вас, з усімі, што выйшлі з каўчэга, з усімі жывёламі зямнымі;
- 11
- станаўлю запавет Мой з вамі, што ня будзе болей зьнішчана ніякая плоць водамі патопу, і ня будзе ўжо патопу на спусташэньне зямлі.
- 12
- І сказаў Бог: вось азнака запавету, які Я станаўлю паміж мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою, якая з вамі, у роды назаўсёды:
- 13
- Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю.
- 14
- І будзе, калі Я навяду воблака на зямлю, дык явіцца вясёлка ў воблаку;
- 15
- і Я ўспомню запавет Мой, які паміж Мною і паміж вамі і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці; і ня будзе болей вада патопам на вынішчэньне ўсякай плоці.
- 16
- І будзе вясёлка ў воблаку, і Я ўбачу яе, і ўспомню запавет вечны паміж Богам і паміж усякаю душою жывою ў кожнай плоці, якая на зямлі.
- 17
- І сказаў Бог Ною: вось азнака запавету, які Я паставіў паміж Мною і паміж усякаю плоцьцю, якая на зямлі.
- 18
- Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана.
- 19
- Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля.
- 20
- Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік;
- 21
- і выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім.
- 22
- І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім.
- 23
- А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго.
- 24
- Ной праспаўся ад віна свайго, і даведаўся, што зрабіў зь ім малодшы сын ягоны,
- 25
- і сказаў: пракляты Ханаан; раб рабоў будзе ён у братоў сваіх.
- 26
- Потым сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Сімаў; а Ханаан будзе рабом яму;
- 27
- хай пашырыць Бог Яфэта, і хай уселіцца ён у намёты Сімавыя; а Ханаан будзе рабом яму.
- 28
- І жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзясят гадоў.
- 29
- А ўсяго дзён Ноевых было дзевяцьсот пяцьдзясят гадоў; і ён памёр.
|