- 1
- Закон, маючы цень будучых дабротаў, а не самы вобраз рэчаў, аднымі тымі самымі ахвярамі, якія кожны год стала прыносяцца, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць зь імі.
- 2
- Інакш перасталі б прыносіць іх, бо ахвяравальнікі, ачышчаныя адзін раз, ня мелі б ужо ніякага ўсьведамленьня грахоў.
- 3
- Але ахвярамі штогод робіцца напамін пра грахі;
- 4
- бо немагчыма, каб кроў цялят і казлоў зьнішчала грахі.
- 5
- Таму Хрыстос, уваходзячы ў сьвет, кажа: "ахвяры і прынашэньня Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў Мне.
- 6
- Усеспаленьні і ахвяры за грэх не даспадобы Табе.
- 7
- Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, выканаць волю Тваю, Божа";
- 8
- сказаўшы раней, што ні ахвяр, ні прынашэньняў, ні ўсеспаленьняў, ні ахвяры за грэх, - якія прыносяцца паводле закона, - Ты не захацеў і не ўпадабаў,
- 9
- потым дадаў: "вось, іду выканаць волю тваю, Божа". Адмяняе першае, каб пастанавіць другое.
- 10
- Па гэтай вось волі асьвечаныя мы аднаразовым прынясеньнем Цела Ісуса Хрыста.
- 11
- І кожны сьвятар штодзень стаіць у служэньні і шмат разоў прыносіць адны і тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьнішчыць грахоў.
- 12
- А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
- 13
- чакаючы потым, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены "падножжам ног Ягоных".
- 14
- Бо Ён адным прынашэньнем назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, хто асьвячаецца.
- 15
- Пра гэта сьведчыць вам і Дух Сьвяты; бо сказана:
- 16
- "вось запавет, які завяшчаю ім пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: увяду законы Мае ў сэрцы іхнія, і ў думках іхніх напішу іх,
- 17
- і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не ўзгадаю больш".
- 18
- А дзе ёсьць дараваньне грахоў, там не патрэбнае прынашэньне за іх.
- 19
- І вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвяцілішча праз Кроў Ісуса Хрыста, шляхам новым і жывым,
- 20
- які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыцца, праз плоць Сваю,
- 21
- і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
- 22
- прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнаю вераю, крапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад пахібнага сумленьня, і абмыўшы цела вадою чыстаю,
- 23
- будзем трымацца вызнаньня надзеі непахісна, бо верны Той, Хто абяцаў;
- 24
- будзем уважлівыя адно да аднаго, заахвочваючы ў любові і добрых учынках;
- 25
- ня будзем пакідаць сходу свайго, як гэта ў некаторых у звычаі; а будзем намаўляць адно аднаго, і тым болей, чым выразьней бачыце набліжэньне дня таго.
- 26
- Бо, калі мы, атрымаўшы спазнаньне ісьціны, самахоць грэшым, дык не застаецца больш ахвяры за грахі,
- 27
- а нейкае страшнае чаканьне суду і лютасьці вагню, гатовага зжэрці супраціўцаў.
- 28
- Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью,
- 29
- дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?
- 30
- Мы ведаем Таго, Хто сказаў: "у Мяне адпомста, Я аддам, кажа Гасподзь". І яшчэ: "Гасподзь будзе судзіць народ Свой".
- 31
- Страшна трапіць у рукі Бога жывога!
- 32
- Успомніце ранейшыя дні вашыя, калі вы, дасьведчаныя, вытрымалі вялікі подзьвіг пакутаў,
- 33
- то самі сярод глумленьня і зьдзекаў, служачы відовішчам іншым, то будучы супольнікамі тых, што гэта зазналі;
- 34
- бо вы і маім кайданам спагадалі, і рабунак маёмасьці вашай прымалі з радасьцю, ведаючы, што ёсьць у вас на нябёсах маёмасьць лепшая і непрамінушчая.
- 35
- Дык не пакідайце спадзяваньня вашага, якое мѓе атрымаць вялікую аддзяку.
- 36
- Цярплівасьць патрэбна вам, каб, выканаўшы волю Божую, атрымаць абяцанае;
- 37
- "яшчэ крыху, зусім крыху, і Той, Хто мае прыйсьці, прыйдзе і не забавіцца.
- 38
- Праведны вераю жыць будзе; а калі хто завагаецца, ня хінецца да таго душа Мая".
- 39
- А мы ня з тых, што вагаюцца на пагібель, а стаім у веры на ратунак душы.
|