1
А галоўнае ў тым, пра што кажам, вось што: мы маем такога Першасьвятара, які сеў праваруч трона велічы на нябёсах
2
і ёсьць Сьвяшчэнадзейнік сьвяцілішча і скініі сапраўднай, якую ўзьёў Гасподзь, а не чалавек.
3
Кожны першасьвятар пастаўляецца прыносіць дары і ахвяры; а таму трэба было, каб і Гэты таксама меў, што ахвяраваць.
4
Колькі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы і сьвятаром; бо тут такія сьвятары, якія па законе прыносяць дары,
5
якія служаць вобразу і ценю нябеснага, як сказана было Майсею, калі ён пачынаў ставіць скінію: глядзі, сказана, зрабі ўсё па ўзоры, паказаным табе на гары.
6
але Гэты Першасьвятар атрымаў служэньне тым больш выдатнае, чым лепшага Ён заступнік запавету, які ўгрунтаваны на самых лепшых абяцаньнях.
7
Бо калі б першы запавет быў без пахібы, ня было б патрэбы шукаць месца іншаму.
8
Але прарок, дакараючы іх, кажа: "вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
9
не такі запавет, які я заключыў з бацькамі іхнімі ў той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; бо яны ня жылі ў тым запавеце Маім, і Я занядбаў іх, кажа Гасподзь.
10
Вось запавет, які даю ў спадчыну дому Ізраілеваму пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: пакладу законы Мае ў думкі іхнія, і напішу іх на сэрцы іхнім, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
11
І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго, і кожны брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне.
12
Бо я буду міласэрны да няпраўдаў іхніх і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх не згадаю болей".
13
Кажучы "новы", паказаў прахласьць першага; а тое, што прахне і старыцца, блізкае да зьнішчэньня.