1
Кажэце братам вашым: Мой народ, і сёстрам вашым: Памілаваная.
2
Судзецеся з вашаю маці, судзецеся; бо яна ня жонка Мая, і Я ня сужэнец яе; хай яна адвядзе блуд ад аблічча свайго і пералюб ад грудзей сваіх,
3
каб я не разьдзеў яе дагала і ня выставіў яе, як у дзень нараджэньня яе, не зрабіў яе пустэльняю, не ператварыў яе ў зямлю сухую і ня выснадзіў яе смагаю.
4
І дзяцей яе не памілую, бо яны дзеці блуду.
5
Бо блудадзейнічала маці іхняя і асарамаціла сябе тая, што зачала іх; бо казала: пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць мне хлеб і ваду, воўну і лён, алей і пітво.
6
За тое вось Я загараджу дарогу яе цернямі і абгараджу яе плотам і яна ня знойдзе сьцежак сваіх,
7
і пагоніцца за палюбоўнікамі сваімі, але не здагоніць іх, і будзе шукаць іх, але ня знойдзе і скажа: пайду я і вярнуся да першага мужа майго; бо тады лепей было мне, чым цяпер.
8
А ня ведала яна, што Я, Я даваў ёй хлеб і віно і алей і памножыў у яе срэбра і золата, зь якога зрабілі ідала Ваала.
9
За тое Я вазьму назад хлеб Мой у ягоны час і віно Маё ў яго пару і адбяру воўну і лён Мой, чым пакрываецца галізна яе.
10
І сёньня адкрыю сарамату яе перад вачыма палюбоўнікаў яе, і ніхто ня вырве яе з рукі Маёй.
11
І спыню ў яе ўсякую весялосьць, сьвяты яе і навамесяцы яе, і суботы яе і ўсе ўрачыстасьці яе.
12
І спустошу вінаградныя лозы яе і смакоўніцы яе, пра якія яна кажа: гэта ў мяне дарункі, якіх надарылі мне палюбоўнікі мае; і Я ператвару іх у лес, і палявыя зьвяры зьядуць іх.
13
І пакараю яе за дні служэньня Ваалам, калі яна кадзіла ім і, упрыгожыўшы сябе завушніцамі і пацеркамі, хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а Мяне забывала, кажа Гасподзь.
14
Таму вось, і я панаджу яе, прывяду яе ў пустэльню і буду гаварыць у сэрца яе.
15
І дам ёй адтуль вінаграднікі яе і даліну Ахор, напярэдадні надзеі; і яна будзе сьпяваць там, як у дні маладосьці сваёй і як у дзень выйсьця свайго зь зямлі Егіпецкай.
16
І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, ты будзеш зваць Мяне: муж мой, і ня будзеш больш зваць Мяне: Ваале.
17
І адвяду імёны Ваалаў ад вуснаў яе, і ня будуць болей згадвацца імёны іхнія.
18
І ўчыню тым часам ім згоду з польнымі зьвярамі і з птушкамі нябеснымі і з паўзунамі наземнымі; і лук, і меч, і вайну вынішчу зь зямлі той, і дам ім жыць у бясьпецы.
19
І заручу цябе Мне навек, і заручу цябе Мне ў праўдзе і судзе, у даброці і міласэрнасьці,
20
і заручу цябе Мне ў вернасьці, і ты спазнаеш Госпада.
21
І будзе ў той дзень, Я пачую, кажа Гасподзь, пачую неба, і яно пачуе зямлю,
22
і зямля пачуе хлеб і віно і алей; а гэтыя пачуюць Ізрэель.
23
І пасею яе Сабе на зямлі і скажу і памілую Непамілаваную і скажу не Майму народу: ты - Мой народ, а ён скажа: Ты - мой Бог!"