1
Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;
2
бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.
3
"Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.
4
Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.
5
І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе".
6
"Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго".
7
Таму загалосіць Мааў па Мааве, - усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.
8
Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.
9
Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.
10
Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.
11
Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё - па Кірхарэшэце.
12
Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.
13
Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.
14
А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.