1
Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.
2
І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.
3
І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.
4
І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.
5
О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.
6
Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.
7
І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;
8
і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.
9
І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.
10
Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.
11
Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
12
Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, - і яно будзе прыніжана,
13
і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,
14
і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,
15
і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,
16
і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.
17
І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
18
І ідалы зьнікнуць зусім.
19
І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
20
У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,
21
каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
22
Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?