1
Так кажа Гасподзь: дзе разводны ліст вашай маці, зь якім Я адпусьціў яе? альбо якому з маіх пазыкоўцаў Я прадаў вас? Вось, вы прададзены за грахі вашыя, і за злачынствы вашыя адпушчана маці вашая.
2
Чаму, калі Я прыходзіў, нікога ня было, і калі Я клікаў, ніхто не азываўся? Хіба рука Мая кароткая стала, каб выбаўляць, альбо няма сілы ўва Мне, каб ратаваць? Вось, грозьбаю Маёю Я высушваю мора, ператвараю рэкі ў пустыню; рыбы ў іх гніюць ад нястачы вады і паміраюць ад смагі.
3
Я апранаю нябёсы ў морак, і вярэту раблю покрывам іхнім.
4
Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.
5
Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.
6
Я аддаў хрыбет Мой тым, што б'юць, і шчокі Мае - пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.
7
І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.
8
Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хто падыдзе да Мяне.
9
Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.
10
Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.
11
Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.