1
Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго - як запаленая сьвяцільня.
2
І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары - славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
3
І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю - на далоні Бога твайго.
4
Ня будуць ужо называць цябе "пакінутым", і зямлю тваю ня будуць называць "пустыняю", а будуць называць цябе: "Маё ўпадабаньне да яго", а зямлю тваю - "замужняю", бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
5
Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.
6
На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! - не змаўкайце,
7
не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
8
Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
9
але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
10
Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
11
Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае - перад Ім.
12
І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.