- 1
- І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз*.
- 2
- І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,
- 3
- і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
- 4
- бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: "бацька мой", "маці мая", багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
- 5
- І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
- 6
- за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
- 7
- навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія - цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
- 8
- і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца - дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
- 9
- Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
- 10
- Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
- 11
- Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:
- 12
- "не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
- 13
- Госпада Саваофа - Яго шануйце сьвята, і Ён - страх ваш, і Ён - дрыжаньне вашае!
- 14
- І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
- 15
- І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб'юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
- 16
- Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх".
- 17
- Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
- 18
- Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
- 19
- І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, - тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
- 20
- Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
- 21
- І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
- 22
- І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось - гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.
- 22
- Прысьпешвае рабунак, паскарае здабыча
|